Дзеі 28 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта.
 
А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт.

Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
 
Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас.

А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай.
 
Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго.

Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе».
 
Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця.

А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха.
 
Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды.

Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог.
 
Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён — Бог.

А ў тым месцы былі палі першага [чалавека] вострава, на імя Публій, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў.
 
Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў.

Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго.
 
Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго.

Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя.
 
Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны.

І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна.
 
І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае.

А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве,
 
Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве,

і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся [там] тры дні.
 
і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні;

Адтуль, плывучы ўздоўж [берагу], прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі,
 
адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,

дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым.
 
дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.

Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
 
Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.

Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.
 
А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.

Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў.
 
Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;

Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнай віны на мне не было.
 
яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;

А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць [суд] цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой.
 
але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;

Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя».
 
з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.

Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога.
 
А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.

Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца».
 
Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.

Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў.
 
І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў.

І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі.
 
І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.

І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы:
 
Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:

“Ідзі да народу гэтага і скажы: 'Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце,
 
«ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;

бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх'.”
 
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».

Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць».
 
Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.

І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак.
 
Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.

А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,
 
І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,

абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.
 
прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.