Дзеі 28 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі мы ўратаваліся, даведаліся, што востраў называецца Мальта.
А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт.
Мясцовыя жыхары былі да нас надзвычай ласкавыя. Быў дождж і холад, таму яны распалілі агонь і прынялі кожнага з нас.
Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас.
Калі Павел назбіраў кучу галля і падкідаў у вогнішча, тады змяя выскачыла ад жару і ўчапілася яму за руку.
Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго.
Мясцовыя жыхары, убачыўшы звісаючую з рукі пачвару, казалі адзін аднаму: «Відаць, гэты чалавек — забойца, раз яму, уратаванаму з мора, багіня справядлівасці не дазваляе жыць».
Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця.
Але ён скінуў пачвару ў агонь і не зазнаў ніякай шкоды.
Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды.
Яны ж чакалі, што ён апухне або імгненна ўпадзе мёртвым. Але, калі доўга чакалі і ўбачылі, што нічога дрэннага з ім не адбылося, змянілі думку і казалі, што ён бог.
Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён — Бог.
Вакол гэтага месца знаходзіліся ўладанні правіцеля вострава па імені Публій. Ён прыняў нас і гасцінна частаваў тры дні.
Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў.
Бацька Публія ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы рукі, аздаравіў яго.
Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго.
Пасля гэтага іншыя на востраве, што мелі хваробы, таксама прыходзілі і атрымлівалі аздараўленне.
Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны.
Яны праявілі да нас вялікую пашану, а калі мы адплывалі, далі ўсё, што было патрэбна.
І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае.
Праз тры месяцы мы адплылі на караблі, што зімаваў на гэтым востраве. Гэта быў александрыйскі карабель з выявай Дыяскураў.
Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве,
Прыплыўшы ў Сіракузы, мы заставаліся там тры дні.
і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні;
Адплыўшы адтуль, дабраліся да Рэгіі. А паколькі праз дзень падзьмуў паўднёвы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі.
адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,
Там мы знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас пабыць у іх сем дзён. Так мы прыбылі ў Рым.
дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.
А там, калі браты пачулі пра нас, выйшлі насустрач аж да Апіевага Форума і Трох Корчмаў. Убачыўшы братоў, Павел падзякаваў Богу і падбадзёрыўся.
Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.
Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.
А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.
Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых уплывовых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: «Браты, я не зрабіў нічога супраць народу ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня з Ерузалема перадалі ў рукі рымлянаў.
Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;
Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.
яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;
Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ.
але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;
Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы».
з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.
Яны сказалі яму: «Мы не атрымоўвалі пра цябе лістоў з Юдэі, і ніводзін з братоў не прыйшоў і не абвясціў ці сказаў пра цябе нічога дрэннага.
А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.
Але мы хочам пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам вядома пра гэтую секту, таму што паўсюль выступаюць супраць яе».
Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.
Прызначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго многія на гасціну. Ён з ранку аж да вечара расказваў ім і сведчыў пра Божае Валадарства, і пераконваў іх пра Езуса на падставе Закону Майсея і Прарокаў.
І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў.
Адных пераконвала сказанае, а другія не верылі.
І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.
Будучы нязгоднымі адзін з адным, яны пачалі адыходзіць, калі Павел сказаў адну рэч: «Добра Дух Святы сказаў айцам нашым праз прарока Ісаю:
Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:
“Пайдзі да народу гэтага і скажы:Вушамі слухаеце і не разумееце,вачыма глядзіце і не бачыце.
«ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;
Зачарсцвела сэрца народу гэтага,вушамі ледзь чуюцьі вочы свае заплюшчылі,і вушамі не пачулі,і сэрцам не зразумелі,і не навярнуліся,каб Я іх аздаравіў”.
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
Няхай будзе вядома вам, што да язычнікаў было скіравана гэтае Божае збаўленне, і яны пачуюць!»
Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.
[отсутсвует]
Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.
Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста без перашкодаў і з усёй адвагаю.
прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.