Адкрыцьцё 4 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, дзьверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як трубы, які гаварыў са мною, сказаў: «Узыйдзі сюды, і Я пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага».
Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як бы трубы, што гаварыў са мною, сказаў: Узыдзі сюды і пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага.
І я адразу стаўся ў духу, і вось, пасад стаяў у небе, і на пасадзе — Той, Які сядзеў.
Адразу ж я быў у духу; і вось трон стаяў на небе, і на троне Хтосьці сядзеў,
І Той, Які сядзеў, падобны быў з выгляду да камяня ясьпісовага і сардыновага, і вясёлка вакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагду.
і Гэты, Хто сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яспісу і сардысу, і вакол трона — вясёлка, з выгляду падобная да смарагду.
І вакол пасаду — дваццаць чатыры пасады, і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі, апранутыя ў белыя шаты, і на галовах яны мелі залатыя вянкі.
І вакол трона — дваццаць чатыры троны, і на тронах я ўбачыў: сядзяць дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белае адзенне, і на іх галовах — залатыя вянкі.
І з пасаду выходзяць маланкі, і грымоты, і галасы; і сем лямпаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсьць сем духаў Божых.
І ад трона зыходзяць маланкі, і галасы, і грамы. І сем вогненных светачаў гараць перад тронам, гэта сем Божых духаў.
І перад пасадам — мора шкляное, падобнае да крышталю, і па сярэдзіне пасаду і вакол пасаду — чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.
І перад тронам як бы мора шкляное, падобнае да крышталю. І пасярэдзіне трона і вакол трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду.
І першая жывёла падобная да ільва, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла, які ляціць.
І першая жывая істота падобная да льва, і другая жывая істота падобная да вала, і трэцяя жывая істота мела твар як у чалавека, і чацвёртая жывая істота падобная да арла ў палёце.
І чатыры жывёлы, кожная па сабе, мелі па шэсьць крылаў наўкола, і ўсярэдзіне поўныя вачэй; і ня маюць яны супачынку ўдзень і ўначы, кажучы: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, і Які ёсьць, і Які прыходзіць».
І чатыры жывыя істоты, кожная з іх мела па шэсць крылаў, вакол і з сярэдзіны поўныя вачэй; і яны, не маючы супачынку ўдзень і ўночы, кажуць: Святы, Святы, Святы Госпад Бог Усемагутны, Хто быў, Хто ёсць і Хто прыходзіць.
І калі жывёлы аддаюць славу, і пашану, і падзяку Таму, Які сядзіць на пасадзе, Які жыве на вякі вякоў,
І калі гэтыя жывыя істоты ўздаюць славу, і гонар, і падзяку Таму, Хто сядзіць на троне, Таму, Хто жыве на векі вякоў,
падаюць дваццаць чатыры старосты перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, і пакланяюцца Таму, Які жыве на вякі вякоў, і кідаюць свае вянкі перад пасадам, кажучы:
тады дваццаць чатыры старэйшыны падаюць перад Тым, Хто сядзіць на троне, і кланяюцца Таму, Хто жыве на векі вякоў; і яны ўскладаюць свае вянкі перад тронам, кажучы:
«Госпадзе, Ты годны атрымаць славу, і пашану, і моц, бо Ты стварыў усё, і воляй Тваёю яно ёсьць і створана».
Годны Ты, Госпадзе і Божа наш, прыняць славу, і гонар, і сілу, бо Ты стварыў усё і Тваёю воляю яно заіснавала і было створана.