Псалтыр 99 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херувімаў, няхай узварухнецца зямля!
 

Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі.
 

Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае, [бо] сьвятое яно!
 

І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе.
 

Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся каля падножжа стоп Ягоных, [бо] сьвяты Ён!
 

Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім.
 

У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім.
 

ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі.
 

Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш!