Выслоўяў Саламонавых 22 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата.
 

Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД.
 

Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
 

[Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё.
 

Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх.
 

Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе.
 

Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паверніка.
 

Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны.
 

Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму.
 

Выгані насьмешніка, і адыйдзе звадка, і суцішацца спрэчкі і абразы.
 

Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе.
 

Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея.
 

Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы я буду забіты».
 

Вусны чужаніцы — глыбокая яма; на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды.
 

Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе.
 

Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее.
 

Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх,
 

бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх,
 

каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня.
 

Ці ж не пісаў я табе тройчы парады і навучаньні,
 

каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе?
 

Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы,
 

бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу ў тых, якія іх абіраюць.
 

Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі,
 

каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю.
 

Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі.
 

Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой?
 

Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі твае.
 

Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.