Псалтыр 86 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны.
 

Захавай душу маю, бо я — багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца.
 

Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень.
 

Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю.
 

Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць.
 

Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго!
 

У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне.
 

Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае.
 

Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца перад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё.
 

Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін.
 

Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; зьяднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго.
 

Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі.
 

Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла.
 

Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны.
 

Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду.
 

Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй!
 

Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.