2 царстваў 10 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І сталася пасьля таго, памёр валадар сыноў Амона, і заваладарыў на месцы ягоным Ханун, сын ягоны.
 

І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, як зьявіў мне міласэрнасьць бацька ягоны». І паслаў Давід слугаў сваіх, каб пацешыць яго дзеля сьмерці бацькі. І слугі Давіда прыйшлі ў зямлю сыноў Амона.
 

І сказалі князі сыноў Амона Хануну, гаспадару свайму: «Ці Давід так шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў да цябе суцяшальнікаў? Ці ня дзеля таго, каб высачыць, і выведаць горад, і [пасьля] зруйнаваць яго, паслаў Давід слугаў сваіх да цябе?»
 

І схапіў Ханун слугаў Давіда, і абгаліў палову барады іхняй, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, аж да азадкаў, і выправіў іх.
 

І паведамілі Давіду, і ён паслаў насустрач ім, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».
 

І ўбачылі сыны Амона, што сталіся яны ненавіснымі Давіду, і паслалі сыны Амона, і нанялі Сірыйцаў з Бэт-Рэхова і Сірыйцаў з Цовы, дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і тысячу ваяроў ад валадара Маахі, і з Тову дванаццаць тысячаў чалавек.
 

І пачуў [пра гэта] Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.
 

І выйшлі сыны Амона, і сталі ў шыхт перад уваходам у браму. А Сірыйцы з Цовы і Рэхову і людзі з Тову і Маахі асобна [стаялі] ў полі.
 

І ўбачыў Ёаў, што войскі супраць яго сьпераду і ззаду, і выбраў сабе выбранцоў Ізраіля, і паставіў іх у шыхты супраць Сірыйцаў.
 

А рэшту людзей даручыў у руку брату свайму Абішаю, які стаў у шыхце супраць сыноў Амона.
 

І сказаў [Ёаў]: «Калі Сірыйцы будуць мацнейшыя ад мяне, ты прыйдзеш мне на дапамогу. А калі сыны Амона будуць мацнейшыя ад цябе, я прыйду на дапамогу табе.
 

Будзь мужны, і будзем змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага. Няхай ГОСПАД зробіць тое, што добрае ў вачах Ягоных».
 

І Ёаў і войска, якое з ім, пайшлі ў бой супраць Сірыйцаў, і тыя ўцяклі перад імі.
 

А сыны Амона ўбачылі, што Сірыйцы ўцяклі, і ўцяклі перад Абішаем, і ўвайшлі ў горад. І адыйшоў Ёаў ад сыноў Амона, і вярнуўся ў Ерусалім.
 

А Сірыйцы ўбачылі, што яны пабітыя Ізраільцянамі, і сабраліся разам.
 

І паслаў Гададэзэр, і прывёў Сірыйцаў, якія на другім баку ракі, і прыйшлі яны ў Хэлям. І Шабах, начальнік войска Гададэзэра, быў на чале іх.
 

І паведамілі [пра гэта] Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і пераправіўся праз Ярдан, і прыйшоў у Хэлям. І Сірыйцы сталі ў шыхт супраць Давіда, і ваявалі з ім.
 

І ўцяклі Сірыйцы перад абліччам Ізраіля, і Давід выбіў у Сірыйцаў семсот калясьніцаў і сорак тысячаў вершнікаў. І забіў ён Шабаха, начальніка войска, і ён памёр там.
 

І ўбачылі ўсе валадары, слугі Гададэзэра, што яны пераможаныя Ізраілем, і заключылі мір з Ізраілем, і служылі яму. І баяліся Сірыйцы дапамагаць сынам Амона.