2 царстваў 10 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася пасьля таго, памёр валадар сыноў Амона, і заваладарыў на месцы ягоным Ханун, сын ягоны.
 
У гэты час памёр цар Амона, і зацараваў на яго месцы Ханон, сын яго.

І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, як зьявіў мне міласэрнасьць бацька ягоны». І паслаў Давід слугаў сваіх, каб пацешыць яго дзеля сьмерці бацькі. І слугі Давіда прыйшлі ў зямлю сыноў Амона.
 
І сказаў Давід: «Акажу міласэрнасць Ханону, сыну Нааса, як аказаў мне міласэрнасць бацька яго». Такім чынам, паслаў Давід паслугачоў сваіх, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі. Калі ж паслугачы Давіда прыбылі ў зямлю сыноў Амона,

І сказалі князі сыноў Амона Хануну, гаспадару свайму: «Ці Давід так шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў да цябе суцяшальнікаў? Ці ня дзеля таго, каб высачыць, і выведаць горад, і [пасьля] зруйнаваць яго, паслаў Давід слугаў сваіх да цябе?»
 
дык кіраўнікі сыноў Амона сказалі Ханону, гаспадару свайму: «Ці ты думаеш, што дзеля ўшанавання бацькі твайго Давід прыслаў суцяшальнікаў да цябе, каб паспачуваць табе, а не таму, каб дакладна прасачыць і выведаць горад і зруйнаваць яго, паслаў Давід паслугачоў сваіх да цябе?»

І схапіў Ханун слугаў Давіда, і абгаліў палову барады іхняй, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, аж да азадкаў, і выправіў іх.
 
Дык схапіў Ханон паслугачоў Давіда, і згаліў ім палову барады, і абрэзаў ім адзенне да паловы, аж да клубоў, і выправіў іх.

І паведамілі Давіду, і ён паслаў насустрач ім, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».
 
Калі аб гэтым паведамілі Давіду, паслаў ён пасланцоў насустрач ім, — бо мужчыны былі вельмі ганебна зняважаныя, — і загадаў ім Давід: «Затрымайцеся ў Ерыхоне, пакуль не адрастуць бароды вашы, і тады вернецеся».

І ўбачылі сыны Амона, што сталіся яны ненавіснымі Давіду, і паслалі сыны Амона, і нанялі Сірыйцаў з Бэт-Рэхова і Сірыйцаў з Цовы, дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і тысячу ваяроў ад валадара Маахі, і з Тову дванаццаць тысячаў чалавек.
 
І сыны Амона, убачыўшы, што сталі яны ненавіснымі Давіду, паслалі пасланцоў і нанялі сірыйцаў з Бэт-Рагоба і сірыйцаў з Собы, дваццаць тысяч пешых і тысячу ваяроў ад цара Маахі, і ад людзей Тоба дванаццаць тысяч чалавек.

І пачуў [пра гэта] Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.
 
Пачуўшы пра гэта, Давід выправіў Ёаба разам з усім войскам.

І выйшлі сыны Амона, і сталі ў шыхт перад уваходам у браму. А Сірыйцы з Цовы і Рэхову і людзі з Тову і Маахі асобна [стаялі] ў полі.
 
І выйшлі сыны Амона, і паставілі баявы строй перад самым уваходам у браму; а сірыйцы з Собы і Рагоба і людзі Тоба і Маахі асобна стаялі на полі.

І ўбачыў Ёаў, што войскі супраць яго сьпераду і ззаду, і выбраў сабе выбранцоў Ізраіля, і паставіў іх у шыхты супраць Сірыйцаў.
 
Такім чынам, Ёаб, бачачы, што бой падрыхтаваны супраць яго і спераду, і ззаду, адабраў людзей з усіх выбраннікаў Ізраэля і паставіў баявы строй супраць сірыйцаў;

А рэшту людзей даручыў у руку брату свайму Абішаю, які стаў у шыхце супраць сыноў Амона.
 
а астатнюю частку людзей даручыў брату свайму Абісаю, які паставіў баявы строй супраць сыноў Амона.

І сказаў [Ёаў]: «Калі Сірыйцы будуць мацнейшыя ад мяне, ты прыйдзеш мне на дапамогу. А калі сыны Амона будуць мацнейшыя ад цябе, я прыйду на дапамогу табе.
 
І сказаў Ёаб: «Калі сірыйцы будуць мець супраць мяне перавагу, то ты прыйдзеш мне на дапамогу; а калі сыны Амона будуць мець перавагу супраць цябе, я дапамагу табе.

Будзь мужны, і будзем змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага. Няхай ГОСПАД зробіць тое, што добрае ў вачах Ягоных».
 
Будзь ваяром адважным, і будзем моцна змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага; а Госпад хай зробіць, што добрае ў вачах Яго».

І Ёаў і войска, якое з ім, пайшлі ў бой супраць Сірыйцаў, і тыя ўцяклі перад імі.
 
Тады Ёаб і народ, які быў з ім, распачалі бой супраць сірыйцаў, але тыя ўцяклі перад імі.

А сыны Амона ўбачылі, што Сірыйцы ўцяклі, і ўцяклі перад Абішаем, і ўвайшлі ў горад. І адыйшоў Ёаў ад сыноў Амона, і вярнуўся ў Ерусалім.
 
А сыны Амона, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама ўцяклі перад Абісаем і ўвайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаб ад аманіцян, і прыйшоў у Ерузалім.

А Сірыйцы ўбачылі, што яны пабітыя Ізраільцянамі, і сабраліся разам.
 
Такім чынам, сірыйцы, бачачы, што яны пабіты ізраэльцамі, сабраліся разам,

І паслаў Гададэзэр, і прывёў Сірыйцаў, якія на другім баку ракі, і прыйшлі яны ў Хэлям. І Шабах, начальнік войска Гададэзэра, быў на чале іх.
 
а Ададэзэр праз пасланцоў прывёў сірыйцаў, якія былі на другім баку ракі, і прыбылі яны ў Элам; а Сабах, настаўнік войска Ададэзэра, быў кіраўніком іх.

І паведамілі [пра гэта] Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і пераправіўся праз Ярдан, і прыйшоў у Хэлям. І Сірыйцы сталі ў шыхт супраць Давіда, і ваявалі з ім.
 
Калі аб гэтым было паведамлена Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і пераправіўся праз Ярдан, і прыбыў у Элам. І сірыйцы паставілі баявы строй супраць Давіда, і ваявалі з ім.

І ўцяклі Сірыйцы перад абліччам Ізраіля, і Давід выбіў у Сірыйцаў семсот калясьніцаў і сорак тысячаў вершнікаў. І забіў ён Шабаха, начальніка войска, і ён памёр там.
 
І ўцяклі сірыйцы перад Ізраэлем; і Давід знішчыў у сірыйцаў семсот калясніц і сорак тысяч вершнікаў. І забіў ён таксама Сабаха, кіраўніка войска, які там і памёр.

І ўбачылі ўсе валадары, слугі Гададэзэра, што яны пераможаныя Ізраілем, і заключылі мір з Ізраілем, і служылі яму. І баяліся Сірыйцы дапамагаць сынам Амона.
 
А ўсе цары, якія прыйшлі на дапамогу Ададэзэру, убачыўшы, што яны пераможаны Ізраэлем, заключылі саюз з Ізраэлем і служылі яму. І надалей сірыйцы баяліся дапамагаць сынам Амона.