2 царстваў 13 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.
 
І здарылася пасля таго, што Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру на імя Тамар, у якую закахаўся Амнон, сын Давіда.

І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна [яшчэ] дзяўчынай, і было цяжкім у вачах Амнона зрабіць штосьці з ёю.
 
І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з-за кахання да сваёй сястры Тамар, бо, паколькі была яна яшчэ дзяўчынай, Амнону здавалася цяжкім учыніць з ёю штосьці непрыстойнае.

І меў Амнон сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
 
А Амнон меў прыяцеля на імя Ёнадаб, сына Самы, брата Давіда, чалавека вельмі хітрага.

І ён сказаў яму: «Чаму ты худнееш з вечару да вечару, сыне валадара? Ці не паведаміш мне [пра гэта]?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
 
Ён запытаўся ў яго: «Царэвічу, чаму ты так худзееш з дня на дзень? Чаму не хочаш мне расказаць пра гэта?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».

І сказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і ўдавай хворага. І прыйдзе бацька твой адведаць цябе, і ты скажы яму: “Няхай прыйдзе, прашу, сястра мая Тамар і пакорміць мяне хлебам, і на вачах маіх зробіць пасілак, каб я бачыў гэта і еў з рук ейных”».
 
Адказаў яму Ёнадаб: «Ляж на ложак свой і прыкінься хворым. І, калі прыйдзе бацька твой, каб наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і падала мне есці, ды каб на маіх вачах зрабіла смачную страву, каб я бачыў і еў з яе рук”».

І Амнон лёг, і ўдаваў хворага. І прыйшоў валадар, каб адведаць яго, і Амнон сказаў валадару: «Няхай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, і я прыйму ежу з рук ейных».
 
Дык Амнон лёг і прыкінуўся хворым. І, калі прыйшоў цар, каб наведаць яго, Амнон сказаў цару: «Хай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, хай на вачах маіх спячэ дзве аладкі, каб мог я прыняць ежу з яе рук».

І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі, калі ласка, у дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму аладкі».
 
І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і спячы яму смачную страву».

І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла аладкі.
 
І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона; а ён ляжаў. Узяўшы муку, яна замясіла цеста і, зрабіўшы аладкі на яго вачах, яна спякла іх.

І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе людзі выйшлі ад яго.
 
І, узяўшы патэльню, яна выклала тое, што спякла, і паставіла перад ім, але ён не хацеў есці; і сказаў Амнон: «Хай усе выйдуць ад мяне». І, калі ўсе выйшлі,

І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі пасілак у спальню, і я зьем яго з рукі тваёй». І ўзяла Тамар аладкі, што зрабіла, і прынесла Амнону, брату свайму, у спальню.
 
Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». Такім чынам, узяла Тамар аладкі, што спякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню.

І дала яму, каб ён еў, але ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мною, сястра мая».
 
І калі яна перад ім паклала ежу, ён схапіў яе і казаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая».

Яна сказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай дурасьці.
 
Яна адказала яму: «Не, брат мой, не гвалтуй мяне! Бо так у Ізраэлі не робіцца; не рабі гэтай бязглуздасці.

Куды я дзенуся са зьнявагай сваёй? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары, калі ласка, з валадаром, бо ён не адмовіць [даць] мяне табе».
 
І куды я пайду са сваёю знявагай? А ты станеш адным з бязглуздых у Ізраэлі; ты лепш пагавары з царом, і ён не адмовіць табе адносна мяне».

Але ён не хацеў слухаць голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.
 
Ён, аднак, не пажадаў паслухацца ўпрошванняў яе, але, пераўзыходзячы яе сілаю, ён апаганіў яе і ляжаў з ёю.

І зьненавідзеў яе Амнон нянавісьцю вялікай, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якім кахаў яе. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі [адсюль]».
 
І адчуў Амнон яе ненавіснай вельмі, так што нянавісць гэтая, якою ён зненавідзеў яе, была большай, чым каханне, якім раней яе кахаў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай, ідзі адсюль».

Яна сказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.
 
Яна адказала яму: «Хай не будзе гэтага, браце мой, бо большае ліха тое, што зараз робіш мне, выганяючы мяне, чым тое, што зрабіў ты раней». Ён, аднак, не хацеў яе слухаць,

І паклікаў прыдзьверніка, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выгані яе ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».
 
але, паклікаўшы паслугача, што служыў яму, сказаў: «Выгані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзверы».

Яна была апранутая ў сукню доўгую, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.
 
Яна была апранутая ў туніку, што спускалася да пят; бо так апраналіся дочкі царскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач яго на вуліцу, і замкнуў за ёю дзверы.

І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю доўгую, палажыла рукі на галаву сваю, і пайшла, і галасіла.
 
Яна, пасыпаўшы сабе галаву попелам, разадраўшы сваю туніку, што спускалася да пят, і паклаўшы рукі на галаву сваю, пайшла, ідучы і галосячы.

І сказаў ёй Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён — брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар у доме Абсалома, брата свайго.
 
Спытаўся ж у яе Абсалом, брат яе: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Але цяпер, сястра мая, маўчы, бо ён твой брат; не бяры гэтага да сэрца свайго». Такім чынам, засталася пакінутая Тамар у доме свайго брата Абсалома.

І пачуў пра ўсё гэта валадар Давід, і вельмі ўзлаваўся.
 
Калі ж пачуў пра ўсё гэта цар Давід, ён вельмі ўзлаваўся.

А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў Абсалом Амнона за тое, што ён зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
 
А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога; бо зненавідзеў яго за тое, што ён згвалтаваў яго сястру Тамар.

І сталася праз два гады, што Абсалом стрыг [авечак] у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў Абсалом усіх сыноў валадара.
 
А сталася праз два гады па гэтых падзеях, што стрыглі авечак Абсалома ў Баал-Асоры, недалёка ад Эфраіма; і запрасіў Абсалом усіх сыноў цара.

І прыйшоў Абсалом да валадара, і сказаў: «Вось, стрыгуць [авечак] у слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».
 
І прыйшоў Абсалом таксама да цара, і сказаў яму: «Вось, стрыгуць авечак у паслугача твайго; няхай, прашу, прыйдзе цар з паслугачамі да паслугача свайго».

І сказаў валадар Абсалому: «Не, сыне мой, ня прыйдзем мы ўсе да цябе і ня будзем абцяжарваць цябе». І ён вельмі прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.
 
І сказаў цар Абсалому: «Не, не запрашай, сыне мой, каб мы ўсе прыйшлі і нарабілі табе турбот». Паколькі ён дужа прасіў яго, і той не хацеў ісці, ён дабраславіў яго.

І сказаў Абсалом: «Калі ня [прыйдзеш], няхай прыйдзе, прашу, Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Навошта ён меў бы ісьці да цябе?»
 
І сказаў Абсалом: «Калі не хочаш сам прыйсці, то з намі хай пойдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму цар: «Чаму ён мае ісці з табой?»

Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён паслаў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.
 
Але Абсалом вельмі прасіў яго, дык ён пусціў з ім Амнона і ўсіх сыноў цара.

І загадаў Абсалом слугам сваім, кажучы: «Глядзіце, калі сэрца Амнона павесялее ад віна, я скажу вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».
 
І загадаў Абсалом паслугачам сваім, кажучы: «Глядзіце: калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона!” — і вы забіце яго! Не бойцеся; бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі людзьмі».

І зрабілі юнакі Абсалома Амнону так, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадара ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.
 
І зрабілі паслугачы Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом; і ўсе сыны цара, ускочыўшы, селі кожны на мула свайго і ўцяклі.

А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, кажучы: «Абсалом забіў усіх сыноў валадара, і не пакінуў з іх аніводнага».
 
І, калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, што казала: «Абсалом забіў усіх сыноў цара, і з іх не засталося ніводнага».

І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія стаялі [там], разьдзёрлі адзеньне сваё.
 
І ўстаў тады цар, і раздзёр адзенне сваё, і кінуўся на зямлю, і ўсе паслугачы яго, якія паслугавалі яму, раздзёрлі адзенне сваё.

І адказаў Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, і сказаў: «Няхай ня кажа гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, забітыя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома на вуснах быў намер гэты з таго дня, як [Амнон] зьняважыў Тамар, сястру ягоную.
 
І Ёнадаб, сын Самы, брата Давіда, сказаў, адказваючы: «Хай не думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны цара, пазабіваны; толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалтаваў сястру яго Тамар.

І цяпер няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтага да сэрца свайго, кажучы, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон.
 
Цяпер хай не бярэ сабе гаспадар мой, цар, гэтае весткі да сэрца, што кажа: “Усе сыны цара загінулі”, — бо загінуў толькі Амнон».

А Абсалом уцёк». А юнак, які вартаваў, узьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, мноства [людзей], якія зыходзяць па схілу гары.
 
А Абсалом уцёк. І юнак вартавы падняў свае вочы, і, вось, заўважыў мноства людзей, сыходзячых са збочча гары дарогай ад Гаранаіма.

І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».
 
І сказаў Ёнадаб цару: «Вось ідуць сыны цара! Так сталася, як паслугач твой гаварыў».

І калі скончыў ён гаварыць, вось, прышлі сыны валадара, і яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі плачам вельмі вялікім.
 
І, як скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны цара, і ішлі яны з галашэннем і плачам; але і цар і ўсе паслугачы яго плакалі ва ўвесь голас.

А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І [Давід] быў у жалобе па сыне сваім усе дні.
 
А Абсалом, уцякаючы, пайшоў да Талмая, сына Аміюда, цара Гэсура. Такім чынам, Давід сумаваў па сыне ўвесь час.

А Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.
 
А Абсалом, калі ўцёк і пайшоў у Гэсур, прабыў там тры гады.

І перастаў валадар Давід гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся пасьля сьмерці Амнона.
 
І перастаў дух цара гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па смерці Амнона.