Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 13 2-я Самуэля 13 разьдзел

1 І здарылася пасля таго, што Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру на імя Тамар, у якую закахаўся Амнон, сын Давіда.
2 І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з-за кахання да сваёй сястры Тамар, бо, паколькі была яна яшчэ дзяўчынай, Амнону здавалася цяжкім учыніць з ёю штосьці непрыстойнае.
3 А Амнон меў прыяцеля на імя Ёнадаб, сына Самы, брата Давіда, чалавека вельмі хітрага.
4 Ён запытаўся ў яго: «Царэвічу, чаму ты так худзееш з дня на дзень? Чаму не хочаш мне расказаць пра гэта?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
5 Адказаў яму Ёнадаб: «Ляж на ложак свой і прыкінься хворым. І, калі прыйдзе бацька твой, каб наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і падала мне есці, ды каб на маіх вачах зрабіла смачную страву, каб я бачыў і еў з яе рук”».
6 Дык Амнон лёг і прыкінуўся хворым. І, калі прыйшоў цар, каб наведаць яго, Амнон сказаў цару: «Хай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, хай на вачах маіх спячэ дзве аладкі, каб мог я прыняць ежу з яе рук».
7 І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і спячы яму смачную страву».
8 І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона; а ён ляжаў. Узяўшы муку, яна замясіла цеста і, зрабіўшы аладкі на яго вачах, яна спякла іх.
9 І, узяўшы патэльню, яна выклала тое, што спякла, і паставіла перад ім, але ён не хацеў есці; і сказаў Амнон: «Хай усе выйдуць ад мяне». І, калі ўсе выйшлі,
10 Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». Такім чынам, узяла Тамар аладкі, што спякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню.
11 І калі яна перад ім паклала ежу, ён схапіў яе і казаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая».
12 Яна адказала яму: «Не, брат мой, не гвалтуй мяне! Бо так у Ізраэлі не робіцца; не рабі гэтай бязглуздасці.
13 І куды я пайду са сваёю знявагай? А ты станеш адным з бязглуздых у Ізраэлі; ты лепш пагавары з царом, і ён не адмовіць табе адносна мяне».
14 Ён, аднак, не пажадаў паслухацца ўпрошванняў яе, але, пераўзыходзячы яе сілаю, ён апаганіў яе і ляжаў з ёю.
15 І адчуў Амнон яе ненавіснай вельмі, так што нянавісць гэтая, якою ён зненавідзеў яе, была большай, чым каханне, якім раней яе кахаў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай, ідзі адсюль».
16 Яна адказала яму: «Хай не будзе гэтага, браце мой, бо большае ліха тое, што зараз робіш мне, выганяючы мяне, чым тое, што зрабіў ты раней». Ён, аднак, не хацеў яе слухаць,
17 але, паклікаўшы паслугача, што служыў яму, сказаў: «Выгані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзверы».
18 Яна была апранутая ў туніку, што спускалася да пят; бо так апраналіся дочкі царскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач яго на вуліцу, і замкнуў за ёю дзверы.
19 Яна, пасыпаўшы сабе галаву попелам, разадраўшы сваю туніку, што спускалася да пят, і паклаўшы рукі на галаву сваю, пайшла, ідучы і галосячы.
20 Спытаўся ж у яе Абсалом, брат яе: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Але цяпер, сястра мая, маўчы, бо ён твой брат; не бяры гэтага да сэрца свайго». Такім чынам, засталася пакінутая Тамар у доме свайго брата Абсалома.
21 Калі ж пачуў пра ўсё гэта цар Давід, ён вельмі ўзлаваўся.
22 А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога; бо зненавідзеў яго за тое, што ён згвалтаваў яго сястру Тамар.
23 А сталася праз два гады па гэтых падзеях, што стрыглі авечак Абсалома ў Баал-Асоры, недалёка ад Эфраіма; і запрасіў Абсалом усіх сыноў цара.
24 І прыйшоў Абсалом таксама да цара, і сказаў яму: «Вось, стрыгуць авечак у паслугача твайго; няхай, прашу, прыйдзе цар з паслугачамі да паслугача свайго».
25 І сказаў цар Абсалому: «Не, не запрашай, сыне мой, каб мы ўсе прыйшлі і нарабілі табе турбот». Паколькі ён дужа прасіў яго, і той не хацеў ісці, ён дабраславіў яго.
26 І сказаў Абсалом: «Калі не хочаш сам прыйсці, то з намі хай пойдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму цар: «Чаму ён мае ісці з табой?»
27 Але Абсалом вельмі прасіў яго, дык ён пусціў з ім Амнона і ўсіх сыноў цара.
28 І загадаў Абсалом паслугачам сваім, кажучы: «Глядзіце: калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона!” — і вы забіце яго! Не бойцеся; бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі людзьмі».
29 І зрабілі паслугачы Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом; і ўсе сыны цара, ускочыўшы, селі кожны на мула свайго і ўцяклі.
30 І, калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, што казала: «Абсалом забіў усіх сыноў цара, і з іх не засталося ніводнага».
31 І ўстаў тады цар, і раздзёр адзенне сваё, і кінуўся на зямлю, і ўсе паслугачы яго, якія паслугавалі яму, раздзёрлі адзенне сваё.
32 І Ёнадаб, сын Самы, брата Давіда, сказаў, адказваючы: «Хай не думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны цара, пазабіваны; толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалтаваў сястру яго Тамар.
33 Цяпер хай не бярэ сабе гаспадар мой, цар, гэтае весткі да сэрца, што кажа: “Усе сыны цара загінулі”, — бо загінуў толькі Амнон».
34 А Абсалом уцёк. І юнак вартавы падняў свае вочы, і, вось, заўважыў мноства людзей, сыходзячых са збочча гары дарогай ад Гаранаіма.
35 І сказаў Ёнадаб цару: «Вось ідуць сыны цара! Так сталася, як паслугач твой гаварыў».
36 І, як скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны цара, і ішлі яны з галашэннем і плачам; але і цар і ўсе паслугачы яго плакалі ва ўвесь голас.
37 А Абсалом, уцякаючы, пайшоў да Талмая, сына Аміюда, цара Гэсура. Такім чынам, Давід сумаваў па сыне ўвесь час.
38 А Абсалом, калі ўцёк і пайшоў у Гэсур, прабыў там тры гады.
39 І перастаў дух цара гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па смерці Амнона.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017