Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 22 2-я Самуэля 22 разьдзел

1 І заспяваў Давід словы гэтае песні Госпаду ў дзень, калі вызваліў яго Госпад з рук усіх ворагаў яго і з рукі Саўла,
2 і ён казаў: «Госпад — скала мая, і крэпасць мая, і Збаўца мой;
3 Божа мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой і рог збаўлення майго! Ты абарона мая і прыстанак мой. Збаўца мой, ад гвалту вызваліш Ты мяне.
4 Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і ад ворагаў маіх уратаваны буду.
5 Бо агарнулі мяне хвалі смерці, віры Бэліяла ўстрывожылі мяне;
6 путы смерці ахапілі мяне, і смяротныя петлі душаць мяне.
7 У роспачы маёй клічу я Госпада і прызываю Бога майго; выслухаў Ён з храма Свайго голас мой, і вокліч мой дайшоў да вушэй Яго.
8 І здрыганулася і затрымцела зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо запалаў Ён гневам.
9 Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго; вуглі агністыя сыпаліся ад Яго.
10 І нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
11 І сеў на херубіна, і паляцеў, і ўзняўся на крылах ветру.
12 І ахінуўся ў цемру, як заслону, цёмнымі водамі ды густымі хмарамі ахутаў Сябе.
13 Перад бляскам позірку Яго загарэлася вуголле агністае.
14 Загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой.
15 Ён пусціў стрэлы Свае і рассыпаў іх, мноствам маланак напалохаў іх.
16 І адкрыліся глыбіні мора, і адчыніліся фундаменты сусвету ад ушчування Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
17 Даслаў Ён [руку] з вышыні і схапіў мяне, выцягнуў мяне з глыбокіх водаў.
18 Выратаваў Ён мяне ад ворага майго наймагутнейшага, ад тых, якія ненавідзяць мяне, якія дужэйшыя за мяне.
19 Яны нахлынулі на мяне ў дзень смутку майго, і Госпад стаў для мяне апораю.
20 І вывеў Ён мяне на прастор: уратаваў Ён мяне, бо спадабаўся я Яму.
21 І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і за чысціню рук маіх аддаў Ён мне,
22 бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго.
23 Усе прысуды Яго перада мной, і ад загадаў Яго я не адступіў,
24 і стаў я беззаганны з Ім, і высцерагаўся асабістай злачыннасці.
25 І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх перад вачамі Яго.
26 Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш,
27 і з абраным абраны будзеш, і з заганным падступны будзеш.
28 І людзей бедных Ты ратуеш, а вочы ганарыстыя прыніжаеш.
29 Бо Ты, Госпадзе, светач мой, і Бог мой прасвятляе цемру маю.
30 З Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур.
31 Божа, бязгрэшны шлях Яго, слова Госпадава агнём выпрабавана, Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
32 Бо хто бог, апрача Госпада? І хто скала, апрача Бога нашага?
33 Бог, Які падперазаў мяне сілаю і зрабіў дарогу маю беззаганнай,
34 зрабіўшы ногі мае такімі, як у аленя, і на вышыні падняўшы мяне;
35 навучыў рукі мае барацьбе, і рукі мае нацягваюць медны лук.
36 Ты даў мне шчыт збаўлення Твайго, і тое, што Ты слухаеш мяне, узвялічвае мяне.
37 Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не хістаюцца ногі мае.
38 Я пераследаваў ворагаў маіх, і таптаў іх, і не вяртаўся, пакуль не знішчаў іх.
39 Я нішчыў іх і знішчаў так, каб яны не маглі падняцца: гінулі яны пад нагамі маімі.
40 Ты падперазаў мяне сілай да бою, тых, хто паўстаў супраць мяне, падпарадкаваў мне.
41 Ты прымушаў уцякаць ворагаў маіх, і я знішчаю ненавіснікаў маіх.
42 Крычалі яны, і не было нікога, хто б выратаваў іх, клікалі Госпада, і Ён не паслухаў іх.
43 Я расцярушыў іх, як пыл зямлі, як гразь вуліц таптаў я іх.
44 Ты выратаваў мяне ад бунтаў народа майго, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне,
45 чужыя сыны ліслівяць перада мною, слухаюць мяне слухам вушэй сваіх.
46 Чужыя сыны адступаюць і дрыжаць ва ўмацаваннях сваіх.
47 Жыве Госпад, і дабраславёны будзь, скала мая, і будзь узвялічаны Бог, скала збаўлення майго.
48 Бог, Які дае мне збаўленне і Які падпарадкоўвае народы мне.
49 Ён вызваліў мяне ад ворагаў маіх і ўзнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага Ты ўхаваў.
50 Таму буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і буду спяваць на славу імя Твайго:
51 услаўляе Ён збаўленнем цара Свайго і аказвае міласэрнасць намашчэнцу Свайму Давіду і нашчадкам яго навекі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017