Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 21 2-я Самуэля 21 разьдзел

1 Панаваў жа голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід з Госпадам, і Госпад сказаў: «Над Саўлам і над яго домам — кроў, бо ён забіў габаонцаў».
2 Дык, сабраўшы габаонцаў, сказаў ім цар — габаонцы не былі з сыноў Ізраэля, але з астаткаў амарэяў; а сыны Ізраэля прысягнулі ім, але Саўл пажадаў знішчыць іх з рэўнасці сваёй дзеля сыноў Ізраэля і Юды, —
3 сказаў Давід габаонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас уласкавіць, каб вы дабраславілі спадчыну Госпада?»
4 І габаонцы сказалі яму: «Не трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла або ад дому яго; і не трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраэля». Сказаў ім цар: «Што вы толькі скажаце, я зраблю вам».
5 Сказалі яны цару: «З сыноў таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер загубіць нас так, каб не засталося нікога з нас ва ўсіх межах Ізраэля,
6 хай будуць дадзены нам сем чалавек, і мы іх павесім на шыбеніцах перад Госпадам у Габаоне на гары Госпада». І цар сказаў: «Я дам».
7 Але пашкадаваў цар Мэрыбаала, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі Госпаду, што была між Давідам і сынам Саўла Ёнатанам.
8 Дык узяў цар двух сыноў Рэспы, дачкі Аі, якіх бацькам быў Саўл, Армона і Мэрыбаала, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх бацькам быў Гадрыэль, сын Барзэлая з Малаці,
9 і аддаў іх Давід у рукі габаонцаў, якія павесілі іх на гары перад Госпадам. І загінулі гэтыя сямёра разам, забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю.
10 А Рэспа, дачка Аі, узяўшы зрэбніцу, разаслала яе на камені, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на яе дождж з неба, і не дазваляла нападаць на іх птушкам паднебным удзень і звярам палявым ноччу.
11 І было паведамлена Давіду аб тым, што рабіла Рэспа, дачка Аі, наложніца Саўла.
12 І выправіўся Давід, і забраў ад жыхароў Явіса ў Галаадзе косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго, якія здабылі іх патаемна з плошчы ў Бэтсане, дзе іх павесілі філістынцы, калі забілі Саўла ў Гэльбоэ.
13 І перанёс ён адтуль косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго; і, сабраўшы косці павешаных,
14 яны пахавалі іх, і косці Саўла і Ёнатана, сына яго, у зямлі Бэньяміна ў Сэлі, у магіле Кіса, бацькі яго. І зрабілі ўсё, што загадаў цар; і быў праслаўлены Бог на той зямлі па гэтым.
15 А зноў пачалася вайна філістынцаў супраць ізраэльцаў, і пайшлі Давід і паслугачы яго з ім, і ваявалі з філістынцамі, і Давід адчуў сябе змучаным.
16 І Есбібэноб, які быў з нашчадкаў Рэфы, — жалеза дзіды якога важыла трыста сікляў і падперазаны ён быў новым мечам, — хацеў забіць Давіда.
17 Але Абісай, сын Сэруі, прыйшоў яму на дапамогу, і ўдарыў філістынца, і забіў яго. Тады людзі Давіда пакляліся, кажучы: «Ужо больш не пойдзеш з намі ваяваць, каб не патушыць светач Ізраэля».
18 І зноў пачалася вайна ў Гобе супраць філістынцаў; тады Сабахай з Гусы забіў Сапу з роду Рэфы.
19 І яшчэ была вайна супраць філістынцаў у Гобе, у якой Эльханан, сын Яіра з Бэтлехэма, забіў брата Галіята з Гета, у якога цаўё дзіды было быццам навой ткацкі.
20 І была яшчэ вайна ў Геце, у якой велізарны чалавек, які меў па шэсць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, гэта значыць дваццаць чатыры пальцы, — і ён таксама быў з роду Рэфы —
21 зневажаў Ізраэль; а забіў яго Ёнатан, сын Самы, брата Давіда.
22 Гэтыя чатыры чалавекі былі з роду Рэфы з Гета, і яны загінулі ад рукі Давіда і паслугачоў яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017