Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 19 2-я Самуэля 19 разьдзел

1 І паведамілі Ёабу, што цар плача і ў жалобе дзеля сына свайго.
2 Так вось перамога ператварылася ў той дзень у жалобу для ўсяго народа; бо пачуў народ у той дзень вестку: «Цар сумуе дзеля сына свайго».
3 І ў той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як звычайна ўваходзяць людзі асаромленыя, якія ў час бою кінуліся ўцякаць.
4 А цар закрыў твар свой і галасіў моцным голасам: «Сыне мой Абсаломе, Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
5 І Ёаб, увайшоўшы да цара ў дом, сказаў: «Ты асароміў сёння аблічча ўсіх паслугачоў сваіх, якія збераглі жыццё тваё, і жыццё тваіх сыноў і тваіх дачок, і жыццё жонак тваіх, і жыццё наложніц тваіх.
6 Ты любіш ненавідзячых цябе і ў нянавісці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёння паказаў, што не дбаеш пра кіраўнікоў сваіх і пра паслугачоў сваіх; і пераканаўся я сёння, што, калі б Абсалом застаўся пры жыцці, а мы ўсе памерлі, гэта было б добрым у вачах тваіх.
7 Дык цяпер падыміся, і выйдзі, і гавары да сэрца паслугачоў тваіх; бо прысягаю табе Госпадам, што, калі не выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе і гэта будзе горш табе, чым усе беды, што нахлынулі на цябе ад юнацтва твайго аж да цяперашніх дзён».
8 Дык цар устаў, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, што цар сядзіць у браме; і сабралася вялікае мноства людзей перад царом. А Ізраэль уцёк у палаткі свае.
9 І спрачаўся ўвесь народ ва ўсіх пакаленнях Ізраэля, кажучы: «Цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук філістынцаў; і цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.
10 А Абсалом, якога мы намасцілі, каб ён валодаў намі, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце цара?» А словы ўсяго Ізраэля дайшлі да цара ў дом яго.
11 І паслаў цар па Садока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старэйшын Юды, кажучы ім: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара ў свой дом?
12 Вы — браты мае, косць мая і цела маё; чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара?”
13 І Амасу скажыце: “Ці ты не косць мая і не цела маё? Хай гэта зробіць мне Госпад і гэта дадасць, калі ты ў мяне не будзеш заўсёды настаўнікам войска на месцы Ёаба”».
14 І схіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, быццам сэрца аднаго чалавека. І паслалі яны да цара, кажучы: «Вярніся ты і ўсе паслугачы твае».
15 І вярнуўся цар, і прыйшоў аж да Ярдана; і Юда прыйшоў у Галгал, каб сустрэць цара і перавесці яго праз Ярдан.
16 А Сямэй, сын Гэра, бэньямінец з Бахурыма, паспяшаўся і выйшаў з людзьмі Юды насустрач цару Давіду;
17 з ім была тысяча бэньямінцаў, і Сіба, паслугач сям’і Саўла, і пятнаццаць сыноў яго, і дваццаць паслугачоў. А пераправіліся яны праз Ярдан ужо перад царом,
18 і перайшлі яны брод, каб пераправіць дом цара і зрабіць так, як падабаецца яму. А Сямэй, сын Гэра, упаў на твар перад царом, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,
19 і сказаў яму: «Не лічы гэта маёй правіннасцю, гаспадару мой, і не прыгадвай крыўду паслугача твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, цар, выходзіў з Ерузаліма; не бяры гэтага, цар, да сэрца свайго.
20 Бо я, паслугач твой, прызнаю грэх мой і дзеля таго сёння першы з усёй сям’і Язэпа выходжу я і іду насустрач гаспадару майму, цару».
21 А Абісай, сын Сэруі, у адказ сказаў: «Ці ж не будзе забіты Сямэй за тое, што праклінаў намашчэнца Госпадава?»
22 І Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі, што вы становіцеся для мяне сёння супраціўнікамі? Ці, такім чынам, сёння павінен хто-небудзь паміраць у Ізраэлі? Ці я не ведаю сёння, што я стаў царом над Ізраэлем?»
23 Дык сказаў цар Сямэю: «Не памрэш!» І прысягнуў яму.
24 І Мэрыбаал, сын Саўла, таксама выйшаў насустрач цару; не мыў ён ног, і не стрыг пазногцяў, і не стрыг барады, і не мыў адзення свайго з таго дня, у які цар выехаў, аж да дня вяртання яго.
25 І калі ён прыйшоў насустрач цару ў Ерузалім, сказаў яму цар: «Чаму не пайшоў ты са мною, Мэрыбаал?»
26 Ён у адказ сказаў: «Гаспадару мой, цар, ашукаў мяне паслугач мой! Бо я, паслугач твой, сказаў яму: “Вазьму сабе асла і, сеўшы на яго, паеду з царом” — бо кульгавы паслугач твой.
27 Звыш таго, ён яшчэ і абвінаваціў вераломна мяне, паслугача твайго, перад табою, гаспадаром маім, царом. Ты ж, гаспадару мой, цар, як анёл Божы; таму рабі, што табе падабаецца.
28 Увесь дом бацькі майго варты быў смерці перад гаспадаром маім, царом; а ты пасадзіў мяне, паслугача свайго, між сатрапезнікаў стала твайго. Што яшчэ ёсць у мяне да справядлівасці, каб клікаць цара?»
29 І сказаў яму цар: «Што яшчэ ты гаворыш? Я сказаў: ты і Сіба падзяліце паміж сабою ўладанні».
30 І Мэрыбаал адказаў цару: «Хай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, цар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»
31 Таксама Барзэлай галаадзец прыйшоў з Рагэліма і праводзіў цара праз Ярдан, каб развітацца з ім за Ярданам.
32 А Барзэлай быў вельмі стары, гэта значыць, меў ён восемдзесят гадоў; і ён забяспечыў цара харчам, калі ён быў у Маханаіме; бо быў чалавекам вельмі багатым.
33 І сказаў цар Барзэлаю: «Хадзі са мною, і я буду апекавацца над табою ў Ерузаліме».
34 Барзэлай сказаў цару: «Колькі засталося дзён жыцця майго, каб ісці з царом у Ерузалім?
35 Маю сёння восемдзесят гадоў; ці хопіць мне розуму, каб разабраўся я, што салодкае, а што горкае? Ці можа пацешыць паслугача твайго ежа і пітво? Або ці магу я яшчэ слухаць голас спевакоў і спявачак? Пашто паслугач твой мае быць лішнім цяжарам гаспадару майму, цару?
36 Крыху пройдзе паслугач твой з табой ад Ярдана. І за што ўзнагароджваць цару мяне такою ласкаю?
37 Але дазволь паслугачу твайму вярнуцца і памерці ў сваім горадзе, побач з магілай бацькі свайго і маці сваёй. Але вось, паслугач твой, Хамаам: хай пойдзе з табою, гаспадару мой, цар, і ты зрабі яму, што табе здаецца добрым».
38 І сказаў цар: «Хамаам хай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добрае ў вачах тваіх, і ўсё, аб чым будзеш мяне прасіць, ты атрымаеш».
39 І калі ўвесь народ і цар пераправіліся праз Ярдан, цар пацалаваў Барзэлая і дабраславіў яго; і ён вярнуўся да сябе.
40 І вырушыў цар у Галгал, і разам з ім Хамаам. А праводзіў цара ўвесь народ Юды і таксама палова народа Ізраэля.
41 І вось, вакол цара сышліся ўсе ізраэльцы і казалі яму: «Чаму браты нашы, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі цара і дом яго праз Ярдан і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»
42 І адказалі ўсе юдэі людзям Ізраэля: «Бо цар нам бліжэйшы. Чаму гневаецеся на нас з гэтае прычыны? Ці мы з’елі што ў цара? Ці, можа, даў ён нам дары?»
43 І адказалі ізраэльцы людзям Юды, і казалі: «Дзесяць частак маем мы ў цара, і таму таксама і ў Давіда. Мы лепшыя за вас; чаму вы пагарджаеце намі? Хіба не мы першыя сказалі слова, каб вярнуць цара нашага?» Але слова юдэйцаў было мацнейшым, чым слова ізраэльцаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017