Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 19 2 Самуэля 19 разьдзел

1 І задрыжэў валадар, і пайшоў у верхняе памяшканьне брамы, і плакаў. А калі ішоў, гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
2 І паведамілі Ёаву: «Вось, валадар плача і ў жалобе дзеля Абсалома».
3 І сталася перамога ў той дзень жалобаю для ўсяго народа, бо народ пачуў у той дзень вестку: «Валадар сумуе дзеля сына свайго».
4 У той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як уваходзяць людзі асаромленыя, якія ўцяклі з бітвы.
5 А валадар закрыў аблічча сваё, і галасіў валадар моцным голасам: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
6 І ўвайшоў Ёаў да валадара ў дом, і сказаў: «Ты асароміў сёньня аблічча ўсіх слугаў тваіх, якія захавалі душу тваю і душы сыноў тваіх і дачок тваіх, і душы жонак тваіх і наложніцаў тваіх.
7 Ты любіш тых, якія ненавідзяць цябе, і ў нянавісьці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёньня паказаў, што для цябе нішто князі твае і слугі твае. Бо я зразумеў сёньня, што калі б Абсалом застаўся пры жыцьці, а мы ўсе паўміралі, гэта было б слушным у вачах тваіх.
8 І цяпер падыміся, выйдзі і прагавары да сэрца слугаў тваіх. Прысягаю табе на ГОСПАДА, што калі ня выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе. Гэта будзе горш табе, чым усе беды, якія прыходзілі на цябе ад маладосьці тваёй аж да цяпер».
9 І ўстаў валадар, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, кажучы: «Вось, валадар сядзіць у браме». І прыходзіў увесь народ перад аблічча валадара, а Ізраіль уцёк у намёты свае.
10 І спрачаўся ўвесь народ у-ва ўсіх каленах Ізраіля, кажучы: «Валадар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук Філістынцаў. І цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.
11 А Абсалом, якога мы памазалі на валадара, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце валадара?»
12 І паслаў валадар Давід да Цадока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старшыняў Юды, кажучы: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара ў дом ягоны? Слова ўсяго Ізраіля дайшло ўжо да валадара, у дом ягоны.
13 Вы — браты мае, вы — костка мая і цела маё. Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара?”
14 А Амасе скажыце: “Ці ты ня костка мая і цела маё? Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ты ў мяне ня будзеш у-ва ўсе дні начальнікам войска на месцы Ёава”».
15 І прыхіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, як аднаго чалавека. І паслалі яны да валадара: «Вярніся ты і ўсе слугі твае».
16 І вярнуўся валадар, і прыйшоў да Ярдану. А Юда прыйшоў у Гільгал, каб прыйсьці на спатканьне валадару, каб перавесьці яго праз Ярдан.
17 І Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, пасьпяшаўся з людзьмі Юды на сустрэчу з валадаром Давідам.
18 А з ім была тысяча Бэн’ямінцаў і Цыва, слуга дому Саўла, і пятнаццаць сыноў ягоных, і дваццаць слугаў ягоных з ім. І пераправіліся яны праз Ярдан перад абліччам валадара.
19 І перайшлі яны брод, каб пераправіць дом валадара і зрабіць тое, што добрае ў вачах ягоных. І Шымэй, сын Гера, упаў [на твар] перад абліччам валадара, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,
20 і сказаў валадару: «Не залічвай віну мне, гаспадару мой, і не памятай на крыўду слугі твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, валадар, выходзіў з Ерусаліму. І не бяры гэтага да сэрца свайго.
21 Бо ведае слуга твой, што я саграшыў, і вось, першы з усяго дому Язэпа выходжу сёньня на спатканьне гаспадара майго, валадара».
22 І адказаў Абішай, сын Цэруі, і сказаў: «Ці ж ня будзе забіты Шымэй за тое, што праклінаў памазанца ГОСПАДАВАГА?»
23 Але Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі, што вы сталіся для мяне сёньня супраціўнікамі? Сёньня ніхто не павінен паміраць у Ізраілі, бо с ведаю, што сёньня я [зноў стаўся] валадаром над Ізраілем».
24 І сказаў валадар Шымэю: «Не памрэш!» І запрысягнуў яму валадар.
25 І Мэфібашэт, сын Саўла, выйшаў на спатканьне валадара. Ня мыў ён ногі свае, ня стрыг барады сваёй і ня мыў адзеньня свайго з таго дня, у які валадар выехаў, і аж да дня, калі вярнуўся ў супакоі.
26 І калі ён прыйшоў на спатканьне валадара ў Ерусалім, сказаў яму валадар: «Чаму ты не пайшоў са мною, Мэфібашэт?»
27 Ён сказаў: «Гаспадару мой, валадар, ашукаў мяне слуга мой! Я, слуга твой, сказаў слузе свайму: “Вазьму сабе асла, сяду на яго і паеду з валадаром”, бо кульгавы слуга твой.
28 Але ён ачарніў слугу твайго перад гаспадаром маім, валадаром. Але ты, гаспадару мой, валадар, як анёл Божы, таму рабі, што добрае ў вачах тваіх.
29 Увесь дом бацькі майго варты быў сьмерці перад гаспадаром маім, валадаром, але ты пасадзіў слугу твайго між тых, што ядуць са стала твайго. Дык якая праведнасьць мая і пра што мне крычаць да валадара?»
30 І сказаў яму валадар: «Навошта ты гаворыш словы гэтыя? Я сказаў, каб ты і Цыва падзялілі поле».
31 І сказаў Мэфібашэт валадару: «Няхай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, валадар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»
32 А Барзілай Гілеадзец прыйшоў з Рагэліму і перайшоў з валадаром праз Ярдан, каб разьвітацца з ім за Ярданам.
33 Барзілай быў вельмі стары, меў ён восемдзясят гадоў. Ён забясьпечыў валадара, калі ён быў у Маханаіме, бо быў чалавекам вельмі багатым.
34 І сказаў валадар Барзілаю: «Хадзі са мною, і я забясьпечу цябе ў Ерусаліме».
35 І сказаў Барзілай валадару: «Колькі дзён [будуць яшчэ] гады жыцьця майго, каб ісьці мне з валадаром у Ерусалім?
36 Маю сёньня восемдзясят гадоў. Ці я адрозьню, што добрае, а што кепскае? Ці будзе смакаваць слузе твайму ежа і пітво? Ці магу я яшчэ слухаць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта слуга твой мае быць цяжарам для гаспадара майго, валадара?
37 Крыху пяройдзе слуга твой з валадаром за Ярдан. Але навошта валадару аднагароджваць мне такою платаю?
38 Дазволь слузе твайму вярнуцца, каб памерці ў горадзе сваім, побач з магілай бацькі майго і маці маёй. Але вось, слуга твой, Кімгам, няхай пойдзе з гаспадаром маім, валадаром, і ты зрабі яму тое, што добра ў вачах тваіх».
39 І сказаў валадар: «Кімгам няхай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добра ў вачах тваіх, і ўсё, пра што будзеш мяне прасіць, я зраблю для яго».
40 І ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, і валадар перайшоў, і пацалаваў валадар Барзілая, і дабраславіў яго, і ён вярнуўся на месца сваё.
41 І пайшоў валадар у Гільгал, і Кімгам пайшоў з ім. І ўвесь народ Юды перайшоў разам з валадаром, і таксама палова народу Ізраіля.
42 І вось, прыйшлі да валадара ўсе людзі Ізраіля, і сказалі валадару: «Чаму браты нашыя, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі валадара і дом ягоны праз Ярдан, і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»
43 І адказалі ўсе людзі Юды людзям Ізраіля: «Бо валадар нам бліжэйшы. Чаму вы лічыце гэта ліхім для вас? Ці мы зьелі што ў валадара? Ці мы забралі [нешта] для сябе?»
44 І адказалі людзі Ізраіля людзям Юды, і сказалі: «Дзесяць рук маіх у валадара, і таму ў Давіда мы [лепшыя] за вас. Дык чаму вы пагарджаеце намі? Хіба ня мы першыя сказалі слова, каб вярнуць валадара нашага?» Але слова людзей Юды было мацнейшым, чым слова людзей Ізраіля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023