Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 3 2 Самуэля 3 разьдзел

1 І была доўгая вайна паміж домам Саўла і домам Давіда. І Давід ставаўся мацнейшым, а дом Саўла слабеў.
2 І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахіноам з Езрээлю,
3 а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру,
4 а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі,
5 а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне.
6 І калі была вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр ставаўся мацнейшым у доме Саўла.
7 У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў [Ішбашэт] Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»
8 І моцна ўзлаваўся Абнэр дзеля словаў Ішбашэта, і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня з прычыны жанчыны гэтай?
9 Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму,
10 што Ён забярэ валадарства ў дома Саўла і паставіць пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы».
11 І той ня мог адказаць Абнэру ані слова, бо баяўся яго.
12 І паслаў Абнэр пасланцоў ад сябе да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?», і [яшчэ] кажучы: «Заключы запавет са мной, і вось, рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь Ізраіль».
13 І сказаў [Давід]: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе пра адну рэч, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць аблічча маё”».
14 І паслаў Давід пасланцоў да Ішбашэта, сына Саўла, кажучы: «Вярні мне жонку маю Міхаль, якую я набыў за сто скуравінак Філістынскіх».
15 І паслаў Ішбашэт, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Пальтыэля, сына Ляіша.
16 І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся [дадому]!» І ён вярнуўся.
17 І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Яшчэ ўчора і пазаўчора хацелі вы мець валадаром сваім Давіда.
18 І цяпер зрабіце гэта, бо ГОСПАД сказаў Давіду, кажучы: “У руцэ слугі Майго Давіда выратаваньне народу Майго, Ізраіля, з рук Філістынцаў і з рук усіх ворагаў ягоных”».
19 І гаварыў [гэта] Абнэр у вушы Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб сказаць у вушы Давіду ўсё, што добрае ў вачах Ізраіля і ў вачах усяго дому Бэн’яміна.
20 І прыйшоў Абнэр да Давіда ў Хеўрон, і дваццацьць ваяроў з ім, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім.
21 І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі.
22 І вось, слугі Давіда і Ёаў прыйшлі з выправы і прынесьлі вялікую здабычу. А Абнэра не было з Давідам у Хеўроне, бо [Давід] адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі.
23 І прыйшоў Ёаў і войска, якое з ім, і паведамілі Ёаву, кажучы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі».
24 І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр. Навошта ты адпусьціў яго, і ён адыйшоў?
25 Ты ведаеш Абнэра, сына Нэра. Ён прыйшоў, каб падмануць цябе, і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца, што ты робіш».
26 І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў [пра гэта].
27 І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго ў сярэдзіну брамы, каб з ім таемна пагаварыць, і ўдарыў яго там [мячом] у жывот, і памёр [Абнэр] за кроў Асаэля, брата Ёава.
28 І пачуў Давід пра гэта, і сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё перад ГОСПАДАМ на вякі ў крыві Абнэра, сына Нэра.
29 Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кійком, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба».
30 А Ёаў і Абішай, брат ягоны, забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою.
31 І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным.
32 І пахавалі Абнэра ў Хеўроне, валадар узьняў голас свой і плакаў над магілай Абнэра, і плакаў увесь народ.
33 І засьпяваў валадар жалобны сьпеў дзеля Абнэра, і сказаў: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр?
34 Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, а ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ больш плакаць над ім.
35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ дзень, але прысягнуў Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».
36 І ўвесь народ даведаўся гэта, і было добрым гэта ў вачах ягоных, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу.
37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара.
38 І сказаў валадар слугам сваім: «Ці ж вы ня ведаеце, што сёньня ў Ізраілі загінуў князь і вялікі чалавек?
39 Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023