Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 16 2 Самуэля 16 разьдзел

1 Калі Давід зыйшоў крыху з вяршыні [гары], вось, пераняў яго Цыва, слуга Мэфібашэта, і два аслы наладаваныя, а на іх дзьвесьце хлябоў і сто зьвязак разынак, і сто сьпелых [фігаў], і буклак віна.
2 І сказаў валадар Цыве: «Што гэта?» А Цыва сказаў: «Гэтыя аслы — для дому валадара, каб вазіць, а хлябы і плады — на ежу слугам тваім, а віно — каб піў той, хто зьняможацца ў пустыні!»
3 І сказаў валадар: «А дзе сын гаспадара твайго?» І сказаў Цыва валадару: «Вось, ён застаўся ў Ерусаліме, бо сказаў: “Сёньня вяртае мне дом Ізраіля валадарства бацькі майго”».
4 І сказаў валадар Цыве: «Вось, тваё ўсё, што [належала] Мэфібашэту». І сказаў Цыва: «Я схіляюся! Няхай я знайду ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар».
5 І прыйшоў валадар Давід у Бахурым, і вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дома Саўла, а імя ягонае — Шымэй, сын Гера. Ён ішоў і, ідучы, праклінаў яго,
6 і кідаў камяні ў Давіда і ў-ва ўсіх слугаў валадара Давіда, хоць увесь народ і ўсе волаты ішлі праваруч валадара і леваруч.
7 І Шымэй казаў так, праклінаючы: «Ідзі, ідзі прэч, чалавек крыважэрны, чалавек Бэліяла!
8 Зьвярнуў на цябе ГОСПАД усю кроў дому Саўла, бо забраў ты валадарства ў яго. І аддаў ГОСПАД валадарства ў рукі Абсалома, сына твайго. І вось, злыбеды ў цябе, бо ты — чалавек крыважэрны».
9 І сказаў Абішай, сын Цэруі, валадару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, валадара? Пайду і адсяку галаву ягоную».
10 А валадар сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі? Калі ён праклінае і калі яму ГОСПАД сказаў, каб праклінаў Давіда, хто скажа: “Чаму ты так робіш?”»
11 І сказаў валадар Абішаю і ўсім слугам сваім: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на душу маю, тым больш гэты сын Бэн’яміна. Пакіньце яго, няхай праклінае, бо сказаў яму ГОСПАД.
12 Можа, ГОСПАД гляне на гора маё і аднагародзіць мне ГОСПАД дабром за праклёны ягоныя ў гэты дзень».
13 І ішоў Давід і людзі ягоныя па дарозе, а Шымэй ішоў па ўзбоччы гары, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы пылам.
14 І прыйшоў валадар і ўвесь народ, які з ім, змучаныя, і там адпачылі.
15 А Абсалом і ўвесь народ Ізраіля ўвайшлі ў Ерусалім. І Ахітафэль быў з ім.
16 І прыйшоў Хушай Аркеец, сябра Давіда, да Абсалома, і сказаў Хушай Абсалому: «Няхай жыве валадар, няхай жыве валадар!»
17 І сказаў Абсалом Хушаю: «Ці такая ласка твая да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
18 І сказаў Хушай Абсалому: «Не [пайшоў]! Бо каго выбраў ГОСПАД і гэты народ, і ўвесь Ізраіль, з тым і я застануся.
19 А да таго, каму я маю служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду [служыць] табе».
20 І сказаў Абсалом Ахітафэлю: «Дайце раду, што маем рабіць?»
21 І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Увайдзі да наложніцаў бацькі твайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом, і пачуе ўвесь Ізраіль, што агідны табе бацька твой, і ўмацуюцца рукі ўсіх, хто з табою».
22 І паставілі намёт Абсалому на даху, і ён на вачах усяго Ізраіля ўвайшоў да наложніцаў бацькі свайго.
23 А парада Ахітафэля, якую ён даваў, у гэтыя дні была быццам слова Бога. Бо такая была ўсякая парада Ахітафэля, як для Давіда, так і для Абсалома.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023