Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 4 2 Самуэля 4 разьдзел

1 І пачуў сын Саўла, што памёр Абнэр у Хеўроне, і самлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраіль стрывожыўся.
2 Сын Саўла меў двух начальнікаў войска, адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаў, сыны Рымона з Бээроту, з сыноў Бэн’яміна, бо Бээрот залічалі да Бэн’яміна.
3 А жыхары Бээроту ўцяклі ў Гіттаім і [жывуць] там прыхаднямі аж па сёньняшні дзень.
4 А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо калі ён меў пяць гадоў, надыйшла вестка з Езрээлю пра Саўла і Ёнатана, і нянька ягоная схапіла яго, і ўцякла. І калі яна пасьпешліва ўцякала, ён упаў і скалечыўся. А імя ягонае — Мэфібашэт.
5 І пайшлі сыны Рымона з Бээроту, Рэхаў і Баана, і ўвайшлі ў сьпякоту дня ў дом Ішбашэта, і ён спаў у [сьпякоту] дня.
6 І ўвайшлі Рэхаў і Баана, брат ягоны, у сярэдзіну дома, [нібы] ўзяць пшаніцы; і ўдарылі [Ішбашэта] пад рэбры, і ўцяклі.
7 І яны ўвайшлі ў дом, а ён спаў на ложку сваім у спальні сваёй. І яны ўдарылі яго, і забілі, і адсеклі галаву ягоную, і ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.
8 І прынесьлі яны галаву Ішбашэта Давіду ў Хеўрон, і сказалі валадару: «Вось галава Ішбашэта, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на душу тваю. І даў ГОСПАД гаспадару нашаму, валадару, адпомсьціць сёньня Саўлу і насеньню ягонаму».
9 І адказаў Давід Рэхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рымона з Бээроту, і сказаў ім: «Як жывы ГОСПАД, Які вызваліў душу маю з усякага ўціску.
10 Калі таго, хто паведаміў мне, кажучы: “Вось, Саўл памёр”, і быў ён дабравесьнікам у вачах сваіх, я схапіў і забіў у Цыклягу, і ня даў яму нагароду,
11 тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі праведнага чалавека ў доме ягоным на ложку ягоным. Няўжо я ня буду шукаць кроў ягоную на руках вашых і ня зьнішчу вас з зямлі?»
12 І загадаў Давід юнакам, і яны забілі іх, і адсеклі рукі іхнія і ногі іхнія, і павесілі іх каля сажалкі ў Хеўроне. А галаву Ішбашэта занесьлі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Хеўроне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023