Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 21 2 Самуэля 21 разьдзел

1 І стаўся голад у дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД сказаў: «На Саўле і на доме ягоным [цяжэе] кроў, бо ён забіў Гібэонцаў».
2 І паклікаў валадар Гібэонцаў, і размаўляў з імі. А Гібэонцы не былі з сыноў Ізраіля, але з рэшты Амарэйцаў, і сыны Ізраіля запрысягліся [не забіваць] іх, але Саўл спрабаваў зьнішчыць іх з руплівасьці сваёй дзеля сыноў Ізраіля і Юды.
3 І сказаў Давід Гібэонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас перапрасіць, каб вы дабраславілі спадчыну ГОСПАДА?»
4 І Гібэонцы сказалі яму: «Ня трэба нам ані срэбра, ані золата ад Саўла або ад дому ягонага, і ня трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраіля». І сказаў [Давід]: «Што вы скажаце, я зраблю вам».
5 І сказалі яны валадару: «Ад таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер выгубіць нас, каб не засталося нікога з нас у межах Ізраіля,
6 няхай будуць дадзены нам сем чалавек з сыноў ягоных, і мы іх павесім перад ГОСПАДАМ у Гіве Саўла, [ранейшага] выбранца ГОСПАДА». І валадар сказаў: «Я дам вам».
7 Але пашкадаваў валадар Мэфібашэта, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі [перад] ГОСПАДАМ паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўла.
8 І ўзяў валадар двух сыноў Рыцпы, дачкі Аі, якіх яна нарадзіла Саўлу, Армона і Мэфібашэта, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх яна нарадзіла Адрыэлю, сыну Барзілая з Мэхолы.
9 І [Давід] аддаў іх у рукі Гібэонцаў, і яны павесілі іх на гары перад абліччам ГОСПАДА. І загінулі гэтыя сямёра разам, і былі яны забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю.
10 А Рыцпа, дачка Аі, узяла лахманы і разаслала іх на скале, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на іх дождж з неба, і не дазваляла сядаць на іх птушкам паднебным удзень і зьвярам палявым уначы.
11 І было паведамлена Давіду пра тое, што рабіла Рыцпа, дачка Аі, наложніца Саўла.
12 І пайшоў Давід, і ўзяў у гаспадароў Ябэшу Гілеадзкага косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, якія тыя здабылі патаемна з плошчы ў Бэт-Шане, дзе іх былі там павесіўшы Філістынцы, калі забілі Філістынцы Саўла ў Гільбоа.
13 І перанёс ён адтуль косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, і сабралі косткі павешаных.
14 І пахавалі косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, у зямлі Бэн’яміна ў Цэлі, у магіле Кіша, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў валадар. І быў упрошаны Бог, [каб зьлітаваўся] над зямлёй.
15 І была зноў вайна Філістынцаў супраць Ізраіля. І пайшоў Давід і слугі ягоныя з ім, і ваявалі з Філістынцамі. І Давід быў змучаны.
16 І Ішбі з Нову, які быў з нашчадкаў Рафы, і дзіда ягоная важыла трыста сыкляў медзі, і ён быў падперазаны новым [мячом], казаў, што заб’е Давіда.
17 Але дапамог [Давіду] Абішай, сын Цэруі. І ўдарыў ён Філістынца, і забіў яго. І людзі Давіда запрысяглі яго, кажучы: «Ужо больш ня пойдзеш з намі ваяваць, каб не патух сьветач Ізраіля».
18 І сталася пасьля гэтага, і зноў была вайна ў Гобе супраць Філістынцаў. І Сіббэхай з Хушу забіў Сафа, які з нашчадкаў Рафы.
19 І яшчэ была вайна супраць Філістынцаў у Гобе. І Эльханан, сын Яарэ-Арэгіма з Бэтлеему, забіў Галіята з Гату, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.
20 І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў вялізарны чалавек, які меў па шэсьць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, разам дваццаць чатыры пальцы, які таксама нарадзіўся ў Рафы.
21 І ён зьневажаў Ізраіля, і забіў яго Ёнатан, сын Шаммы, брата Давіда.
22 Гэтыя чатыры нарадзіліся ў Рафы з Гату. І яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023