Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 22 2 Самуэля 22 разьдзел

1 І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.
2 І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.
3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты вызваліў мяне.
4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.
5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,
6 путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.
7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных.
8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.
12 І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.
13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.
14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.
15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.
16 І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.
17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,
18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.
20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.
21 І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,
22 бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.
23 Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,
24 Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.
25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,
27 для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,
28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
29 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.
30 Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.
31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.
32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?
33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.
34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.
35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.
36 І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.
37 Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.
38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.
39 Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.
40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне.
41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.
42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
43 Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.
44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.
47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.
48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,
49 Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,
51 бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023