Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 2 2 Самуэля 2 разьдзел

1 Пасьля гэтага пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці маю пайсьці ў адзін з гарадоў Юдэйскіх?» І ГОСПАД сказаў яму: «Ідзі». І сказаў Давід: «Куды маю ісьці?» І [Госпад] сказаў: «У Хеўрон».
2 І пайшоў туды Давід і дзьве жонкі ягоныя, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.
3 І павёў Давід людзей сваіх, якія з ім [былі], кожнага з домам ягоным, і яны абжыліся ў гарадах Хеўрону.
4 І прыйшлі людзі Юды, і памазалі там Давіда на валадара над домам Юды. І паведамілі Давіду, кажучы: «Людзі Ябэшу Гілеадзкага пахавалі Саўла».
5 І паслаў Давід пасланцоў да жыхароў Ябэшу Гілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, бо вы зьявілі міласэрнасьць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго.
6 Няхай цяпер ГОСПАД зьявіць вам міласэрнасьць і праўду, і я таксама зраблю вам добрае за тое, што вы так учынілі.
7 Няхай цяпер умацуюццарукі вашыя, і вы будзьце адважнымі, бо памёр гаспадар ваш Саўл, а мяне дом Юды памазаў на валадара над імі».
8 А Абнэр, сын Нэра, начальнік войска Саўла, узяў Ішбашэта, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім,
9 і паставіў яго валадаром над Гілеадам, і над Ашэрам, і над Езрээлем, і над Эфраімам, і над Бэн’ямінам, і над усім Ізраілем.
10 Ішбашэт, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў валадарыць над Ізраілем, і валадарыў ён два гады. Толькі дом Юды прызнаваў [за валадара] Давіда.
11 І быў лік дзён, калі Давід валадарыў над домам Юды ў Хеўроне, сем гадоў і шэсьць месяцаў.
12 І выйшаў Абнэр, сын Нэра, і слугі Ішбашэта, сына Саўла, з Маханаіму ў Гібэон.
13 І Ёаў, сын Цэруі, і слугі Давіда выйшлі, і спаткаліся з імі каля сажалкі Гібэонскай. І адны сталі на адным баку сажалкі, а другія — на другім баку сажалкі.
14 І сказаў Абнэр Ёаву: «Няхай юнакі ўстануць і няхай пагуляюць перад намі». Ёаў сказаў: «Няхай устануць».
15 І ўсталі, і пайшлі дванаццаць Бэн’ямінцаў з боку Ішбашэта, сына Саўла, і дванаццаць спасярод слугаў Давіда.
16 І схапіў кожны свайго супраціўніка за галаву, і ўсадзіў меч у бок ягоны, і паваліліся разам. І названае месца тое Хелкат-Гаццурым, што ў Гібэоне.
17 І была ў той дзень вельмі цяжкая бітва, і былі пераможаныя Абнэр і людзі Ізраіля слугамі Давіда.
18 І былі там тры сыны Цэруі: Ёаў, Абішай і Асаэль. І Асаэль быў вельмі хуткім у нагах, як сарна ў полі.
19 І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева ад Абнэра.
20 І аглянуўся Абнэр назад, і сказаў: «Ці гэта ты, Асаэль!?» Ён сказаў: «Я».
21 І сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго.
22 І зноў аглянуўся Абнэр, кажучы Асаэлю: «Адступіся ад мяне. Навошта маю прыбіць цябе да зямлі, і тады не змагу падняць аблічча маё перад Ёавам, братам тваім».
23 Але той не хацеў адступіцца [ад яго]. І Абнэр ударыў яго дзідаю ў жывот; і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён упаў там, і памёр. І ўсе, хто праходзіў праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, спыняліся.
24 І перасьледавалі Ёаў і Абішай Абнэра. Сонца ўжо зайшло, і яны прыйшлі да ўзгорышча Амма, якое каля Гіі, пры дарозе ў пустыню Гібэонскую.
25 І сабраліся сыны Бэн’яміна вакол Абнэра, і сталі як адна дружына, і затрымаліся на вяршыні ўзгорка.
26 І закрычаў Абнэр да Ёава, і сказаў: «Ці аж безупынна будзе нішчыць меч твой? Ці ты ня ведаеш, што вынікі будуць горкімі? І калі ты скажаш народу, каб ён вярнуўся з [пагоні] за братамі сваімі?»
27 І сказаў Ёаў: «Як жывы Бог, калі б ты не казаў іначай, яшчэ б зранку спыніўся народ [перасьледаваць] братоў сваіх».
28 І Ёаў затрубіў у рог, і спыніўся ўвесь народ, і не перасьледавалі болей Ізраіля, і больш ужо не ваявалі.
29 А Абнэр і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і прайшоўшы ўвесь Бітрон, прыйшлі ў Маханаім.
30 І вярнуўся Ёаў з [пагоні] за Абнэрам, і сабраў увесь народ, і сярод слугаў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек і Асаэля.
31 А слугі Давіда забілі трыста шэсьцьдзясят Бэн’ямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам.
32 І ўзялі яны Асаэля, і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Бэтлееме. І Ёаў і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч і на самым сьвітаньні [дайшлі] да Хеўрону.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023