Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Самуэля 23 2 Самуэля 23 разьдзел

1 Гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Есэя, сказаў чалавек, які высока пастаўлены, памазанец Бога Якубавага, сьпявак псальмаў Ізраіля.
2 Дух ГОСПАДА гаворыць праз мяне, і слова Ягонае — на языку маім.
3 Сказаў Бог Ізраіля, гаварыў мне Скала Ізраіля: “Той праведна пануе над людзьмі, які пануе ў страху Божым,
4 ён — як сьвятло заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак, як яснасьць пасьля дажджу, і як трава, што [расьце] з зямлі”.
5 Ці не такі дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены і пэўны. Ад Яго збаўленьне маё і ўсё жаданьне маё.
6 [Сыны] Бэліяла будуць выкінутыя, як церні, якіх не бяруць рукою.
7 А калі хто будзе дакранацца іх, няхай узброіцца жалезам або цаўём дзіды, і паліць іх агнём дашчэнту».
8 Вось імёны волатаў Давіда: Ёшэб-Башшэбэт з Тахкемону, начальнік між трох; ён падняў на дзіду сваю васемсот чалавек, забітых адным разам.
9 Пасьля яго Элеазар, сын Додо, сына Ахоха, між трох волатаў. Быў ён з Давідам, калі [Ізраільцяне] сабраліся на бітву, а Філістынцы зьневажалі іх. І пабеглі Ізраільцяне,
10 і ён адзін стаяў і біў Філістынцаў, ажно самлела рука ягоная і прыліпла рука ягоная да мяча. І ГОСПАД даў вялікую перамогу ў той дзень, і народ вярнуўся, каб рабаваць забітых.
11 Пасьля яго Шамма, сын Агэ з Арару. І сабраліся Філістынцы ў Лехі, і быў там палетак, поўны сачэвіцы. І людзі ўцяклі перад Філістынцамі,
12 і ён стаў адзін сярод палетка, і выратаваў іх, а Філістынцаў пабіў. І ГОСПАД даў вялікую перамогу.
13 Гэтыя трое спасярод трыццаці галоўных [у часе] жніва зыйшлі і прыйшлі да Давіда ў пячору Адулям, а дружына Філістынцаў разлажылася табарам у лагчыне Рэфаім.
14 Давід быў у крэпасьці, а дружына Філістынцаў — у Бэтлееме.
15 І захацеў Давід піць, і сказаў: «Хто дасьць мне напіцца вады са студні, якая ў Бэтлееме каля брамы!»
16 І трое гэтых волатаў напалі на табар Філістынцаў, і набралі вады ў Бэтлееме са студні, якая каля брамы, і прынесьлі, і прыйшлі да Давіда, але ён не захацеў піць [яе] і выліў [ваду] для ГОСПАДА,
17 і сказаў: «Няхай аддаліць мяне ГОСПАД, каб зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, [рызыкуючы] душамі сваімі». І не захацеў піць [ваду]. Вось гэта зрабілі тры волаты.
18 І Абішай, брат Ёава, сын Цэруі, [быў] начальнікам трыццаці. Ён падняў на дзіду сваю трыста [ворагаў], і забіў [іх]. І ён меў імя сярод тых трох.
19 Сярод трыццаці ён быў найвыдатнейшы, і быў князем іхнім, але тым тром не дараўняўся.
20 І Бэная, сын Егаяды з Кабцээлю, сын мужа адважнага, [слаўны] шматлікімі справамі. Ён перамог двух ільвоў Мааву, і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.
21 І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека вялізнага. У руцэ Эгіпцяніна [была] дзіда, а ён пайшоў на яго з кіем, і вырваў з рукі Эгіпцяніна дзіду, і забіў яго дзідаю ягонай.
22 Гэта зрабіў Бэная, сын Егаяды, і ён меў імя між трох волатаў.
23 Быў ён паважаны сярод трыццаці, але тым тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.
24 [А тых трыццаць]: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Додо з Бэтлеему,
25 Шамма з Хароду і Эліка з Хароду,
26 Хэлец з Пэлету і Іра, сын Іккеша з Тэкоа,
27 Абіезэр з Анатоту і Мэбунай з Хушы,
28 Цальмон з Ахоху і Магарай з Нэтофы,
29 Хэлеў, сын Бааны, з Нэтофы, і Іттай, сын Рыбая з Гівы сыноў Бэн’яміна.
30 Бэная з Піратону і Гіддай з Нахале-Гаашу,
31 Абі-Альбон з Арабы і Азмавэт з Бахурыму,
32 Эліяхба з Шаальвону і сыны Яшэна, Ёнатан,
33 Шамма з Арару, Ахіям, сын Шарара з Арару,
34 Эліфэлет, сын Ахасбая, сына Маахі, і Эліям, сын Ахітафэля з Гіло,
35 Хецарай з Кармэлю і Паарай з Арабы,
36 Ігаль, сын Натана з Цовы, і Бані з Гаду,
37 Цэлек з Амона, і Нахарай з Бээроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі,
38 Іра з Ітра, Гарэб з Ітра,
39 і Урыя Хет; усіх — трыццаць сем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023