Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 23 2 Самуйлава 23 разьдзел

1 Во гэта апошнія словы Давідавы. Агалашае Давід Есянок, і агалашае муж, узьняты на выш Памазанца Бога Якававага, і салодкі пяюн песьняў Ізраельскіх:
2 «Дух СПАДАРОЎ гукае ў імне, і слова Ягонае на языццэ ў мяне.
3 Сказаў Бог Ізраеляў імне, казала Скала Ізраелява: "Хто гаспадар над людзьмі, будзь справядлівы, гаспадарствуючы страхам Божым.
4 І будзе, як золак раньня, як сонца ўсходам бязболачнае раніцы, як зьзяньне просьле дажджу на траве зямлі".
5 Ці ня так дом мой у БОГА? бо змову вечную ўчыніў Ён із імною, трывалкую ў вусім і абаронную; бо ўсе гэта спасеньне мае і ўсе жаданьне, хіба Ён ня дасьць, каб яно вырасла?
6 А сынове веляла, як выкінены цернь усі яны, каторага не бяруць рукамі;
7 Але хто датыкаецца да яго, мае ўзброіцца зялезам а дзяржаньням дзіды, і цяплом паляць, паляць яго седзячы».
8 Во ймёны харобрых у Давіда: Тахкемон, што сядзеў на седаве, галоўны з трох, ён жа Адыно Эцнянін; ён забіў асьмісот аднаго часу.
9 За ім Елеазар, сын Доды Агожонка, з трох харобрых у Давіда. Як яны выгукалі Пілішчан, што былі зьбершыся на бітву, як людзі Ізраельскія былі ўзышоўшы,
10 Ён устаў і паразіў Пілішчан, ажно рука ягоная стамавалася, і прыліпла рука ягоная да мяча. І даў СПАДАР таго дня вялікае спасеньне, і люд ішоў за ім адно дзеля таго, каб абдзіраць.
11 За ім Шамма Ажанок Гараранін. І зьберліся Пілішчане ў грамаду, ідзе была дзялёнка поля, поўная сачыўкі, і люд уцёк ад Пілішчан;
12 А ён стаў сярод тае дзялёнкі, і ўратаваў яе, і перамог Пілішчан. І даў тады СПАДАР вялікае спасеньне.
13 І зышлі трох гэтых харобрых із трыццацёх галоўных, і прышлі ў жніво да Давіда ў пячору Адулам, як грамады Пілішчан абляглі ў даліне Рэфаімскай.
14 І Давід быў тады ў горадзе, а аддзел Пілішчан — у Бэтлееме.
15 І ўсьмяг Давід, і сказаў: «Хто даў бы імне піць вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы?»
16 І прабіліся трох харобрых у табар Пілісцкі, і засілілі вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы, і панесьлі, і прышлі да Давіда. Але ён не захацеў піць яе, і ўзьліў яе СПАДАРУ,
17 І сказаў: «Крый мяне, СПАДАРУ, каб я ўчыніў гэта! ці ня кроў гэта людзёў, што хадзілі зь небясьпечнасьцяй душаў сваіх?» І не захацеў піць яе. Во што зрабілі гэтыя трох харобрых!
18 І Авішай, брат Ёаваў, Цэруёнак быў галоўным із трох; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавекаў, каторых ён забіў, і быў услаўлены ў тых трох.
19 Ці ня быў ён найслаўнейшы з трох? затым ён быў іхным вайводцам, адылі не раўня гэным тром.
20 Веная, сын Егояды, мужа харобрага, вялікіх учынкаў, з Каўцэелю; ён паразіў двух левападобных Моаўскіх; ён жа зышоў і забіў лява ў рове сьнежнага дня.
21 Ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, пазорнага чалавека; у руццэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго зь кіям, і адняў дзіду з рукі Егіпцяніна, і забіў яго собскаю дзідаю ягонаю.
22 Во што зрабіў Веная Егоядзёнак! і ён быў уславіўшыся ў трох харобрых.
23 Ён быў слаўнейшы межы трыццацёх, але гэным тром не раўня. І пастанавіў яго Давід на свае загады.
24 Асагэль, брат Ёаваў — у ліку трыццацёх; Елганан Додзянок із Бэтлеему,
25 Шама Гароджанін, Еліка Гароджанін,
26 Гэлец Палчанін, Іра Ікешонак Фекоанін,
27 Авезэр Анафофянін, Мебунай Гушацянін,
28 Цалмон Агожанін, Магарай Нетофянін,
29 Гэлеў Ваанёнак Нетофанін, Іффай Рываёнак із Ґівеі сыноў Веняміновых,
30 Веная Пірофонянін, Гідай з ручая Ґааша,
31 Аві-Албон Арбафянін, Асмавеф Багурымлянін,
32 Елягба Шаалбонянін із сыноў Яшэна-Ёнафана,
33 Шама Гараранін, Агіям Шараронак Гараранін,
34 Еліфелет, сын Агасбая, сына Маахаты, Елям Агітофэленак Ґілонянін,
35 Гэцро Кармілянін, Паарай Арбянін,
36 Іґал Нафанёнак із Цобы, Бань Ґаджанін,
37 Цэлек Амонянін, Нагарай Верофянін, збрайноша Ёава Цэруёнка,
38 Іра Іфранін, Ґарэў Іфранін,
39 Ура Гэціч. Усіх трыццаць сямёх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуйлава, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.