Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 13 2 Самуйлава 13 разьдзел

1 І было просьле гэтага: ув Аўсалома Давідзёнка была сястра харошая, наймя Тамара; і закахаўся ў яе Амнон Давідзёнак.
2 І ўзрушаўся Амнон, ажно захварэў пераз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-колечы зрабіць ёй.
3 І ўв Амнона быў прыяцель, а імя ягонае Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі мудры.
4 І ён сказаў яму: «Чаму ты так блажэеш, сыну каралёў, з раньня да раньня, — ці ня скажаш імне?» І сказаў яму Амнон: «Тамару, сястру брата свайго Аўсалома, люблю я».
5 І сказаў яму Ёнадаў: «Лажыся ў пасьцелю сваю і прыдайся хворым; і як ацец твой прыйдзе даведацца цябе, ты скажы яму: "Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і падасьць імне хлеба, і прыгатуе перад ачыма маімі сытое бараніны, каб я бачыў і еў з рук ейных"».
6 І лёг Амнон, і прыдаўся хворым, і прышоў кароль даведацца яго; і сказаў Амнон каралю: «Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і сьпячэць перад ачыма маімі дзьве перапечкі, і я паем із рук ейных».
7 І паслаў Давід да Тамары да дому сказаць: «Пайдзі да дому Амнонавага, брата свайго, і прыгатуй яму сытое бараніны».
8 І пайшла яна да дому брата свайго Амнона, а ён ляжыць. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і прыгатавала перад ачыма ягонымі, і сьпякла перапечкі.
9 І ўзяла сквараду й выняла перад ім; але ён адмовіўся есьці. І сказаў Амнон: «Вывядзіце кажнага чалавека ад мяне». І вышлі кажны чалавек ад яго.
10 І сказаў Амнон Тамары: «Занясі сытую бараніну да пакою, і я паспытаюся з рук тваіх». І ўзяла Тамара перапечкі, каторыя прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, да пакою.
11 І як яна пастанавіла перад ім есьці, то ён схапіў яе і сказаў ёй: «Хадзі, лажыся з імною, сястра мая».
12 Але яна сказала яму: «Не, браце мой, ня ганьбі мяне, бо ня робяць гэтак у Ізраелю; не рабі гэтага шалу.
13 І я, куды пайду я з маёй ганьбаю? І ты будзеш адзін із шалёных у Ізраелю. Ты, калі ласка, пагутары з каралём, ён не ўдзяржыць мяне ад цябе».
14 Але ён не хацеў слухаць голасу ейнага, і быў дужшы за яе, і зганьбіў яе, і ляжаў ізь ёю.
15 І зьненавідзіў яе Амнон вельмі нянавіднасьцю найвялікшай, ажно нянавіднасьць, якою ён зьненавідзіў яе, была большая за любоў, якую ён меў да яе; і сказаў ёй Амнон: «Устань, пайдзі».
16 І сказала яму: «Не, подле акалічнасьцяў адаслаць мяне — гэта большае ліха за другое, каторае ты імне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.
17 І гукнуў дзяцюка, слугачага свайго, і сказаў: «Вышліце, калі ласка, гэту ад мяне вон, і засунь дзьверы за ёю».
18 На ёй быў калярысты хітон, бо ў такі адзяваліся каралеўскія дачкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга вон, і засунуў за ёю дзьверы.
19 І ўзяла пасыпала Тамара попелам галаву сваю, і калярысты хітон разьдзерла, каторы мела на сабе, і палажыла рукі свае на галаву сваю, і гэтак ішла, ішла й галасіла.
20 І сказаў ёй Аўсалом, брат ейны: «Ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — але цяпер, сястра мая, маўчы; ён — брат твой; не працінайся ў сэрцу сваім праз гэты ўчынак». І сядзела Тамара, і была апушчанай у доме Аўсалома, брата свайго.
21 І кароль Давід пачуў праз усе гэта, і гневала яго гэта вельмі.
22 Аўсалом жа ня гукаў із Амнонам ані благога, ані добрага, бо зьненавідзіў Аўсалом Амнона за тое, што ён зганьбіў Тамару, сястру ягоную.
23 За два гады было стрыжэньне ўв Аўсалома ў Ваал-Гацору, каторы ля Яхрэма, і пагукаў Аўсалом усіх сыноў каралеўскіх.
24 І прышоў Аўсалом да караля, і сказаў: «Вось, цяпер стрыжэньне ў слугі твайго; хай пойдзе кароль а слугі ягоныя із слугою тваім».
25 І сказаў кароль Аўсалому: «Не, сыну мой, мы ня пойдзем усі, каб ня быць табе вялічнымі». І дужа маліў яго, але ён не захацеў ісьці, адно дабраславіў яго.
26 І сказаў яму Аўсалом: «Калі не, хай ідзець із намі Амнон, брат мой». Ісказаў яму кароль: «Нашто яму йсьці з табою?»
27 Але Аўсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх сыноў каралеўскіх.
28 Аўсалом жа расказаў дзяцюком сваім, сказаўшы: «Глядзіце ж, як разьвяселіцца сэрца Амнона ад віна, і я скажу вам: "Забіце Амнона", тады зрабіце сьмерць яму, ня бойцеся; ці ня я расказую вам, мацуйцеся й будзеце малайцамі».
29 І Зрабілі дзяцюкі Аўсаломавы з Амнонам, як расказаў Аўсалом. І ўсталі ўсі каралеўскія сынове, селі кажны конна на мула свайго і ўцяклі.
30 Як яны былі яшчэ ў дарозе, прышлі галасы да Давіда, што Аўсалом забіў усіх сыноў каралеўскіх, і не засталося ні воднага зь іх.
31 І ўстаў кароль, і разьдзер адзецьці свае, і лёг на зямлю, і ўсі слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разьдзерлі адзецьці свае.
32 Але адказаў Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага, і сказаў: «Хай ня кажа спадар мой, што ўсіх дзяцюкоў, каралеўскіх сыноў, забілі; толькі Амнон адзін памер, бо, подле слова Аўсаломавага, было гэта прызначана адгэнуль, як паганьбіў Тамару, сястру ягоную.
33 Дык хай ня прыйме спадар мой, кароль, да сэрца свайго гэтую справу, кажучы, што ўсі сынове каралеўскія памерлі, бо толькі памер адзін Амнон».
34 І ўцёк Аўсалом. І ўзьняў дзяцюк, што стаяў на варце, вочы свае, і абачыў: вось, шмат люду йдзець па дарозе за ім па схоне гары.
35 Тады Ёнадаў сказаў каралю: «Гэта йдуць каралеўскія сынове; як сказаў слуга твой, так яно было».
36 І ледзь толькі сказаў ён гэта, вось, прышлі каралеўскія сынове, і загаласілі, і плакалі. І таксама кароль а ўсі слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.
37 Аўсалом жа ўцёк, і пайшоў да Фалмая Амігудзёнка, караля Ґешурскага. І плакаў Давід па сыну сваім усі дні.
38 Аўсалом уцёк, і прышоў да Ґешура, і прабыў там тры гады.
39 І кароль Давід жадаў стрэцца з Аўсаломам, бо ён ужо перастаў бедаваць па Амнону, што ён памер.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуйлава, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.