Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 22 2 Самуйлава 22 разьдзел

1 І гукаў Давід словы гэтае песьні СПАДАРУ таго дня, як СПАДАР вывальніў яго з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных і з рукі Саўлавае.
2 І ён казаў: «СПАДАР — скала мая, і горад мой, і выбавіцель мой.
3 СПАДАР — скала мая, я абаранюся Ім; шчыт мой, рог спасеньня майго, высокая вежа мая, уцёк мой; Спасе мой, ад усілства Ты выбавіў мяне!
4 Хвалы годнага я пагукаю СПАДАРА, і ад непрыяцеляў сваіх вывальнюся.
5 Бо абнялі мяне хвалі сьмерці, і цур’і Веляла напалохалі мяне;
6 Ланцугі шэолю акружылі мяне, і сеці сьмерці выперадзілі мяне.
7 Але ў бядзе сваёй я пагукаў СПАДАРА, і да Бога свайго загукаў, і Ён пачуў з палацу Свайго голас мой, і галашэньне мае ў вушшу Ягоным.
8 Захісталася, затрэслася зямля, дрыганулі а захісталіся поды нябёс, бо ўгневаўся.
9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных цяпло зьядаючае; вугальле загарэлася ад Яго.
10 Нахінуў Ён нябёсы й зышоў, і цемнь пад нагамі ў Яго.
11 І ехаў на херуве, і ляцеў, і бачаны быў на крылах ветру.
12 І пастанавіў цемнь навокал Сябе, як будан, згусьціў воды булакоў нябёсных.
13 Ад зьзяньня перад Ім жар угараўся.
14 Загрымеў зь нябёс СПАДАР, і Навышні даў Голас Свой;
15 Пусьціў стрэлы, і расьцярушыў іх; маланку, і зрабіў замятню ў іх.
16 І паказаліся цур’і мора, агаліліся поды сьвету ад ганеньня СПАДАРА, ад тхненьня духа ноздраў Ягоных.
17 Ён паслаў з вышы, і ўзяў мяне, і выцягнуў мяне зь вялікіх водаў;
18 Выбавіў мяне ад майго дужога непрыяцеля, ад ненавідзячых мяне, бо былі дужшыя за мяне.
19 Яны перанялі мяне ў дзень бяды мае, але СПАДАР быў апораю імне,
20 І вывеў на прастору мяне, уратаваў мяне; бо Ён прыяе імне.
21 Заплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні рук маіх зьвярнуў.
22 Бо я глядзеў дарогаў СПАДАРОВЫХ і не адтыргнуўся нягодна ад Бога свайго;
23 Бо ўсі суды Ягоныя перад імною, і ўставаў Ягоных я не адсуваў ад сябе.
24 І быў бязганны перад Ім, сьцярогся бяспраўя свайго.
25 І адплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні мае ў ваччу Яго.
26 Зь міласэрным Ты абходзішся міласэрна, зь беззаганным — беззаганна,
27 З чыстым — чыста, а з крутадухам Ты ходаешся.
28 І люд убогі Ты выбаўляеш, і ачыма сваімі паніжаеш пышак.
29 Ты, СПАДАРУ, сьветач мой; і СПАДАР асьвячае цемнь Маю.
30 Бо Табою я бягу на вятку; з Богам сваім пераскочу сьцяну.
31 БОГ! — беззаганная дарога Ягоная, слова СПАДАРОВА пералітаванае, шчыт Ён усім, што спадзяюцца на Яго.
32 Бо хто БОГ, апрача СПАДАРА, і хто скала, апрача Бога нашага?
33 БОГ — Ён мацніня, сіла мая, Ён пракладае дасканальна дарогу маю;
34 Робе простымі ногі мае, як аленія, і на вышынях маіх ставе мяне;
35 Вуча рукі мае вайны, і гбаю лук мядзяны рукамі сваімі.
36 І Ты даў імне шчыт спасеньня Свайго, і кунежнасьць Твая ўзьвялічыла мяне.
37 Ты пашыраеш сігень мой пад імною, і ня хістаюцца шчыкалаткі мае.
38 Ганяюся за варагамі сваімі, і гублю іх, і не зварачаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
39 І гублю іх, і раню іх, і не ўстаюць, і валяцца пад ногі мае.
40 Ты паперазуеш мяне сілаю на вайну, прычыняеш, каб праціўнікі мае ўгбаліся пад імною.
41 А варагоў маіх Ты даў імне патыліцы, ненавідзячых мяне я зьнішчу.
42 Яны гукалі, але ня было ратаўніка; — да СПАДАРА, але Ён не адказаў ім.
43 Я расьцер іх, як пыл земны, як балота вулічнае, сьцянюціў іх і расьцягнуў іх.
44 Ты даў імне ўцячы ад прававаньняў люду з імною; Ты захаваў мяне, каб быць імне галавою народаў; люд, каторага я ня знаў, будзе служыць імне.
45 Сынове чужаземцаў паддаліся імне, на галасы празь мяне яны слухмяныя імне.
46 Чужаземцы млеюць а дрыжаць у вагарожах сваіх.
47 Жыў СПАДАР і дабраславёная скала мая! І ўзьвялічаны Бог, скала спасеньня майго.
48 БОГ, што даець імне памсьціцца, і зводзе люды пад мяне;
49 І выводзе мяне ад варагоў маіх! Над паўсталымі супроці мяне Ты ўздымаеш мяне; ад глабаньніка Ты выбавіў мяне.
50 За гэта я буду выхваляць Цябе, СПАДАРУ, меж народаў, і імені Твайму буду пяяць.
51 Павялічае выбаўленьні караля Свайго й чыне міласэрдзе памазанцу Свайму Давіду а насеньню ягонаму на векі!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуйлава, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.