Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 8 2 Самуйлава 8 разьдзел

1 І было просьле гэтага, што разьбіў Давід Пілішчан, і ўслышыў іх, і ўзяў Давід Мефеґ-Аму з рук Пілішчан.
2 І разьбіў Моаўлян, і памераў іх паварозкаю, палажыўшы іх на зямлю; і адмераў дзьве паварозкі на забіцьцё, а цэлую паварозку на пакіненьне жывога. І сталі Моаўляне ў Давіда слугамі, каторыя давалі дары.
3 І разьбіў Давід Гададэзэра Рэговёнка, караля Цоўскага, як тый ішоў, каб аднавіць уладу сваю ля ракі Еўфрату.
4 І ўзяў Давід у яго ў палон тысяча сямсот коньнікаў і дваццаць тысячаў чалавекаў пяхотных, і падрэзаў Давід жылы ў вусіх коні цялежкавых, пакінуўшы зь іх сто.
5 І прышлі Сыране Дамаскія на помач Гададэзэру, каралю Цоўскаму; але Давід паразіў дваццаць дзьве тысячы Сыран.
6 І пастанавіў Давід ахаронныя войскі ў Сыры Дамаскай, і сталі Сыране ў Давіда слугамі, каторыя даюць дары. І выбаўляў СПАДАР Давіда ўсюдых, куды ён толькі хадзіў.
7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, што былі ў слугаў Гададэзэравых, і прынёс іх да Ерузаліму.
8 А ў Бетазе а Берофаю, местах Гададэзэравых, узяў кароль Давід вельма шмат медзі.
9 І пачуў Фой, кароль Гамафу, што Давід разьбіў усе войска Гададэзэрава,
10 І паслаў Фой Ёрама, сына свайго, да караля Давіда, даведацца да яго і дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў з Гададэзэрам і што разьбіў яго, бо Гададэзэр вёў войны з Фоям. У руццэ ягонай было судзьдзе срэбнае а судзьдзе залатое а судзьдзе мядзянае.
11 Іх таксама пасьвяціў кароль Давід СПАДАРУ, разам із срэбрам а золатам, каторае пасьвяціў забраўшы з усіх народаў, каторых ён ізваяваў:
12 З Араму а з Моаву а ад сыноў Амонавых а ад Пілішчан а ад Амалічан а з адабранага ў Гададэзэра Рэговёнка, караля Цоўскага.
13 І зрабіў сабе імя Давід, як зварачаўся з паразы асьмінанцацёх тысячаў Араму ў даліне Салонай.
14 І пастанавіў ён у Едоме ахароннае войска; у вусім Едоме пастанавіў ахароннае войска, і ўвесь Едом былі слугамі Давіду. І выбаўляў СПАДАР Давіда ўсюдых, куды ён толькі хадзіў.
15 І гаспадарстваваў Давід у вусім Ізраелю, і чыніў Давід суд а справядлівасьць усяму люду свайму.
16 І Ёаў Цэруёнак быў над войскам; І Ясапат Агілудзёнак — дзеяпісьменьнікам;
17 Садок Агітувёнак а Агімелех Авафаронак — сьвятарамі, Сэрая — пісарам;
18 І Веная Егоядзёнак над херэфеямі а фелефеямі; сынове Давідавы — служцамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуйлава, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.