Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

2 царстваў 8 2-я царстваў 8 разьдзел

1 Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.
2 І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывым. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.
3 І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат;
4 і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічных, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.
5 І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.
6 І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
8 А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.
9 І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,
10 і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбны, залаты і медны.
11 Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:
12 у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага,
13 І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.
14 І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
15 І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.
16 А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў — дзеяпісальнікам;
17 Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, — сьвятарамі, Сэрая — пісцом;
18 і Ванэя, сын Ёдая — начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда — першымі пры двары.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга царстваў, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002