Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

2 царстваў 13 2-я царстваў 13 разьдзел

1 І было пасьля таго: у Авэсалома, сына Давідавага, была сястра прыгожая, імем Тамар, і пакахаў яе Амнон, сын Давідаў.
2 І журыўся Амнон да таго, што захварэў праз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-небудзь зрабіць зь ёю.
3 Але ў Амнона быў сябар, імем Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
4 І ён сказаў яму: чаго ты так худнееш з кожным днём, сын цароў, — ці не адкрыеш мне? І сказаў яму Амнон: Тамар, сястру Авэсаломаву, брата майго, кахаю я.
5 І сказаў яму Ёнадаў: кладзіся ў пасьцель тваю і прыкінься хворым; і калі бацька твой прыйдзе адведаць цябе, скажы яму: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і падмацуе мяне ежаю, прыгатаваўшы ежу на вачах маіх, каб я бачыў і еў з рук яе.
6 І лёг Амнон і прыкінуўся хворым, і прыйшоў цар адведаць яго; і сказаў Амнон цару: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і сьпячэ ў мяне на вачах ляпёшку, або дзьве, і я паем з рук яе.
7 І паслаў Давід да Тамар ў дом сказаць: ідзі ў дом Амнона, брата твайго, і прыгатуй яму ежу.
8 І пайшла яна ў дом брата свайго Амнона; а ён ляжыць. І ўзяла яна мукі і замясіла, і прыгатавала на вачах у яго і сьпякла ляпёшкі,
9 і ўзяла патэльню і паклала перад ім; але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: хай усе выйдуць ад мяне. І выйшлі ад яго ўсе людзі.
10 І сказаў Амнон Тамар: занясі ежу ва ўнутраны пакой, і я паем з рук тваіх. І ўзяла Тамар ляпёшкі, якія прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, ва ўнутраны пакой.
11 І калі яна паставіла перад ім, каб ён еў, дык ён схапіў яе і сказаў: ідзі, кладзіся са мною, сястра мая.
12 Але яна сказала: не, браце мой, не няславі мяне, бо ня робіцца так у Ізраілі; не рабі гэтага вар’яцтва.
13 І я, куды я пайду з маёю няславаю? І ты, ты будзеш адным з вар’ятаў у Ізраілі; ты пагавары з царом; ён не адмовіцца аддаць мяне табе.
14 Але ён не хацеў слухаць словаў яе, і перасіліў яе і згвалціў яе, і ляжаў зь ёю.
15 Пасьля зьненавідзеў яе Амнон самай вялікай нянавісьцю, так што нянавісьць, якою ён зьненавідзеў яе, была мацнейшая за каханьне, якое меў да яе; і сказаў ёй Амнон: устань, сыдзі.
16 І сказала яму: не, прагнаць мяне — гэта зло большае за першае, якое ты зрабіў са мною. Але ён не хацеў слухаць яе.
17 І паклікаў хлопчыка свайго, які слугаваў яму, і сказаў: прагані гэтую ад мяне і замкні дзьверы за ёю.
18 На ёй была каляровая вопратка, бо такую верхнюю вопратку насілі царскія дочкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга прэч і замкнуў за ёю дзьверы.
19 І пасыпала Тамар попелам галаву сваю, і падрала каляровую вопратку, якую мела на сабе, і паклала рукі свае на галаву сваю, і так ішла і лямантавала.
20 І сказаў ёй Авэсалом, брат яе: ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — а цяпер маўчы, сястра мая; ён — брат твой; ня журыся сэрцам тваім пра гэты ўчынак. І жыла Тамар у адзіноце ў доме Авэсалома, брата свайго.
21 І дачуўся цар Давід пра ўсё гэта і моцна разгневаўся.
22 А Авэсалом не гаварыў з Амнонам ні благога, ні добрага; бо зьненавідзеў Авэсалом Амнона за тое, што ён зьняславіў Тамар, сястру яго.
23 Праз два гады стрыглі авечак у Авэсалома ў Ваал-Гацоры, што ў Яфрэма, і паклікаў Авэсалом усіх сыноў царскіх.
24 І прыйшоў Авэсалом да цара і сказаў: вось, сёньня стрыжка авечак у раба твайго; хай пойдуць цар і слугі ягоныя з рабом тваім.
25 Але цар сказаў Авэсалому: не, сыне мой, мы ня пойдзем усе, каб ня быць табе цяжарам. І моцна ўпрошваў яго Авэсалом; але ён не захацеў ісьці і дабраславіць яго.
26 І сказаў яму Авэсалом: прынамсі, хай пойдзе з намі Амнон, брат мой. І сказаў яму цар: навошта яму ісьці з табою?
27 Але Авэсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх царскіх сыноў.
28 А Авэсалом загадаў хлопцам сваім, сказаўшы: глядзеце, як толькі разьвесяліцца сэрца Амнона ад віна, і я скажу вам: «беце Амнона», тады забеце яго, ня бойцеся; гэта я загадваю вам, будзьце сьмелыя і мужныя.
29 І зрабілі хлопцы Авэсаломавыя з Амнонам, як загадаў Авэсалом. Тады ўсталі ўсе царскія сыны, селі кожны на мула і ўцяклі.
30 Калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла чутка да Давіда, што Авэсалом забіў усіх царскіх сыноў, і не засталося ніводнага зь іх.
31 І ўстаў цар, і разадраў вопратку сваю, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разадралі вопратку сваю.
32 Але Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага, сказаў: хай ня думае гаспадар мой, што ўсіх хлопцаў, царскіх сыноў, забілі; адзін толькі Амнон памёр, бо ў Авэсалома быў гэты намысел з таго дня, як Амнон зьняславіў сястру ягоную;
33 дык вось, хай гаспадар мой цар ня трывожыцца думкаю пра тое, быццам памерлі царскія сыны: памёр адзін толькі Амнон.
34 І ўцёк Авэсалом. І падняў хлопец, які стаяў на варце, вочы свае і ўбачыў: вось, многа народу ідзе па дарозе схілам гары.
35 Тады Ёнадаў сказаў цару: гэта ідуць царскія сыны; як казаў раб твой, так і ёсьць.
36 І як толькі сказаў ён гэта, вось, прыйшлі царскія сыны і паднялі лямант і плакалі. І сам цар і ўсе слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.
37 А Авэсалом уцёк і пайшоў да Талмая, сына Эміуда, цара Гесурскага. І плакаў цар Давід па сыне сваім ва ўсе дні.
38 Авэсалом уцёк і прыйшоў у Гесур і прабыў там тры гады.
39 І перастаў цар Давід перасьледаваць Авэсалома, бо ўцешыўся ў сьмерці Амнона.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга царстваў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002