Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 10 2-я Самуэля 10 разьдзел

1 У гэты час памёр цар Амона, і зацараваў на яго месцы Ханон, сын яго.
2 І сказаў Давід: «Акажу міласэрнасць Ханону, сыну Нааса, як аказаў мне міласэрнасць бацька яго». Такім чынам, паслаў Давід паслугачоў сваіх, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі. Калі ж паслугачы Давіда прыбылі ў зямлю сыноў Амона,
3 дык кіраўнікі сыноў Амона сказалі Ханону, гаспадару свайму: «Ці ты думаеш, што дзеля ўшанавання бацькі твайго Давід прыслаў суцяшальнікаў да цябе, каб паспачуваць табе, а не таму, каб дакладна прасачыць і выведаць горад і зруйнаваць яго, паслаў Давід паслугачоў сваіх да цябе?»
4 Дык схапіў Ханон паслугачоў Давіда, і згаліў ім палову барады, і абрэзаў ім адзенне да паловы, аж да клубоў, і выправіў іх.
5 Калі аб гэтым паведамілі Давіду, паслаў ён пасланцоў насустрач ім, — бо мужчыны былі вельмі ганебна зняважаныя, — і загадаў ім Давід: «Затрымайцеся ў Ерыхоне, пакуль не адрастуць бароды вашы, і тады вернецеся».
6 І сыны Амона, убачыўшы, што сталі яны ненавіснымі Давіду, паслалі пасланцоў і нанялі сірыйцаў з Бэт-Рагоба і сірыйцаў з Собы, дваццаць тысяч пешых і тысячу ваяроў ад цара Маахі, і ад людзей Тоба дванаццаць тысяч чалавек.
7 Пачуўшы пра гэта, Давід выправіў Ёаба разам з усім войскам.
8 І выйшлі сыны Амона, і паставілі баявы строй перад самым уваходам у браму; а сірыйцы з Собы і Рагоба і людзі Тоба і Маахі асобна стаялі на полі.
9 Такім чынам, Ёаб, бачачы, што бой падрыхтаваны супраць яго і спераду, і ззаду, адабраў людзей з усіх выбраннікаў Ізраэля і паставіў баявы строй супраць сірыйцаў;
10 а астатнюю частку людзей даручыў брату свайму Абісаю, які паставіў баявы строй супраць сыноў Амона.
11 І сказаў Ёаб: «Калі сірыйцы будуць мець супраць мяне перавагу, то ты прыйдзеш мне на дапамогу; а калі сыны Амона будуць мець перавагу супраць цябе, я дапамагу табе.
12 Будзь ваяром адважным, і будзем моцна змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага; а Госпад хай зробіць, што добрае ў вачах Яго».
13 Тады Ёаб і народ, які быў з ім, распачалі бой супраць сірыйцаў, але тыя ўцяклі перад імі.
14 А сыны Амона, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама ўцяклі перад Абісаем і ўвайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаб ад аманіцян, і прыйшоў у Ерузалім.
15 Такім чынам, сірыйцы, бачачы, што яны пабіты ізраэльцамі, сабраліся разам,
16 а Ададэзэр праз пасланцоў прывёў сірыйцаў, якія былі на другім баку ракі, і прыбылі яны ў Элам; а Сабах, настаўнік войска Ададэзэра, быў кіраўніком іх.
17 Калі аб гэтым было паведамлена Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і пераправіўся праз Ярдан, і прыбыў у Элам. І сірыйцы паставілі баявы строй супраць Давіда, і ваявалі з ім.
18 І ўцяклі сірыйцы перад Ізраэлем; і Давід знішчыў у сірыйцаў семсот калясніц і сорак тысяч вершнікаў. І забіў ён таксама Сабаха, кіраўніка войска, які там і памёр.
19 А ўсе цары, якія прыйшлі на дапамогу Ададэзэру, убачыўшы, што яны пераможаны Ізраэлем, заключылі саюз з Ізраэлем і служылі яму. І надалей сірыйцы баяліся дапамагаць сынам Амона.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017