Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 24 2-я Самуэля 24 разьдзел

1 І зноў узгарэўся гнеў Госпада на Ізраэль; і намовіў Давіда супраць Ізраэля, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраэля і Юду».
2 І сказаў цар Ёабу і кіраўнікам войска свайго, якія былі пры ім: «Абыдзі ўсе пакаленні Ізраэля ад Дана аж да Бээр-Сэбы, і палічы народ, каб я ведаў колькасць яго».
3 І Ёаб сказаў цару: «Хай Госпад, Бог твой, павялічыць у сто разоў народ, колькі ёсць цяпер, перад вачамі гаспадара майго, цара! Але навошта, гаспадар мой, цар, захацеў зрабіць гэта?»
4 Але загад цара Ёабу і кіраўнікам войска перамог; і выйшлі Ёаб і кіраўнікі войска ад цара, каб палічыць народ Ізраэля.
5 І, калі пераправіліся яны праз Ярдан, пачалі свой шлях ад Араэра і ад горада, які знаходзіцца ў сярэдзіне лагчыны, ідучы ад Гада і Язэра.
6 І пайшлі яны ў Галаад і ў зямлю хетэйцаў у Кадэс, і прыйшлі ў Дан. І з Дана павярнулі ў Сідон,
7 і прыбылі яны ў крэпасць Тыр, і ва ўсе гарады гівеяў і хананеяў, і накіраваліся ў Нагэб юдэйскі ў Бээр-Сэбу.
8 І, абышоўшы ўсю зямлю, праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерузалім.
9 І Ёаб перадаў цару лік перапісанага народа; і Ізраэль налічыў восемсот тысяч ваяроў, здатных да бою, і Юда — пяцьсот тысяч ваяроў.
10 А сэрца Давіда ўдарыла яго пасля таго, як палічаны быў народ, і сказаў Давід Госпаду: «Цяжка зграшыў я гэтым учынкам; а цяпер прашу, Госпадзе, каб дараваў Ты правіннасць паслугача твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».
11 Такім чынам, назаўтра ўстаў Давід рана, і скіраваў Госпад слова да прарока Давіда Гада, «які бачыць», кажучы:
12 «Ідзі і скажы Давіду: гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, з іх, каб гэта Я зрабіў табе”».
13 І, калі прыйшоў Гад да Давіда, ён паведаміў яму, кажучы: «Або хай пануе голад тры гады ў цябе, у тваёй зямлі, або хай тры месяцы ўцякаеш ты перад тваімі ворагамі і хай яны пераследуюць цябе, або хай на працягу трох дзён будзе панаваць пошасць на тваёй зямлі. Дык вось цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказаць Таму, Які мяне паслаў».
14 А Давід адказаў Гаду: «Гора мне; але лепш, каб мы трапілі ў рукі Госпада, чым у рукі людзей, бо ў Яго шмат міласэрнасці!»
15 І выбраў сабе Давід пошасць; і былі дні жніва пшаніцы. І напусціў Госпад пошасць на Ізраэль ад раніцы аж да ўмоўленага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дана да Бээр-Сэбы, семдзесят тысяч чалавек.
16 І, калі выцягнуў анёл руку сваю на Ерузалім, каб яго знішчыць, Госпад злітаваўся дзеля смутку і сказаў анёлу, што нішчыў людзей: «Хопіць, цяпер спыні руку сваю!» А быў анёл Госпадаў каля тока Арнана Евусея.
17 І Давід, калі бачыў анёла, які забіваў людзей, маліў Госпада: «Я зграшыў, я дзейнічаў бязбожна; а яны, гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, хай рука Твая павернецца на мяне і на дом бацькі майго!»
18 А ў той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея».
19 І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў яму Госпад.
20 І, глянуўшы, Арнан ўбачыў цара і паслугачоў яго, якія ішлі да яго; і, выйшаўшы, ён пакланіўся цару тварам да зямлі
21 і сказаў: «Што за прычына, што прыходзіць цар, гаспадар мой, да паслугача свайго?» Кажа яму Давід: «Купіць у цябе ток і паставіць на ім ахвярнік Госпаду, каб спынілася пагібель, якая пануе паміж людзьмі».
22 І сказаў Арнан Давіду: «Хай бярэ гаспадар мой, цар, і складае ахвяру, як яму падабаецца. Вось валы на цэласпаленне, і павозка, і ярмы валоў на дровы.
23 О цар, усё аддае Арнан цару!» І працягваў гаварыць Арнан цару: «Хай Госпад, Бог твой, прыме тваё абяцанне!»
24 Цар у адказ яму сказаў: «Ніякім чынам; я куплю за грошы ад цябе і не складу дармавое цэласпаленне Госпаду, Богу майму». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра.
25 І пабудаваў Давід там ахвярнік Госпаду, і склаў ахвяры цэласпалення і прымірэння. І злітаваўся Госпад над зямлёю, і спынілася кара Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017