Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 18 2-я Самуэля 18 разьдзел

1 Такім чынам, Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
2 І падзяліў Давід людзей на тры часткі: адну частку даручыў Ёабу, і другую — Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, трэцюю — Этаю з Гета. І сказаў цар народу: «Пайду і я з вамі».
3 І народ адказаў: «Не, ты не пойдзеш. Бо калі мы адступім, на нас не звернуць увагі; і хоць бы загінула палова з нас, не лічылася б гэта, а ты адзін лічышся за дзесяць тысяч. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з горада».
4 Сказаў ім цар: «Я зраблю тое, што вам здаецца правільным». І стаў цар у браме; а ўсё войска праходзіла па частках сваіх сотнямі і тысячамі.
5 І загадаў цар Ёабу, Абісаю і Этаю: «Лагодна абыходзьцеся з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад цара, дадзены ўсім кіраўнікам адносна Абсалома.
6 І выйшла войска на раўніну супраць Ізраэля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.
7 І войска Давіда пабіла там народ Ізраэля; і была ў той дзень вялікая страта ў дваццаць тысяч чалавек.
8 А бой там пашырыўся на ўсю ваколіцу; і лес у той дзень загубіў народу значна больш, чым меч.
9 І здарылася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся з паслугачамі Давіда; і калі мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і заблыталася галава Абсалома ў дубе і павіснуў ён між небам і зямлёй; а мул, на якім ён сядзеў, пабег далей.
10 А хтосьці ўбачыў гэта і паведаміў Ёабу, кажучы: «Бачыў я, што Абсалом вісіць на дубе».
11 І Ёаб сказаў чалавеку, які аб гэтым паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на зямлі? А я даў бы табе дзесяць срэбраных сікляў і адзін пояс».
12 Ён адказаў Ёабу: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбранікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына цара. Бо чулі мы, як цар загадаў табе, Абісаю і Этаю: “Кожны з вас павінен ахоўваць юнака Абсалома!”
13 А калі б я супраць сумлення свайго ўчыніў несправядліва, — а ніякая справа не можа быць утоенай ад цара, — ты сам выступіў бы супраць мяне».
14 І сказаў Ёаб: «Не хачу так марудзіць з табою». І ўзяў ён у руку сваю тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе;
15 і падбеглі дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёаба, і, б’ючы, забілі яго.
16 А Ёаб затрубіў у трубу, і народ пакінуў пераследаваць Ізраэль, які ўцякаў, бо Ёаб стрымаў людзей.
17 І яны прынеслі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на яго вялікую кучу камянёў; а ізраэльцы ўцяклі ў свае палаткі.
18 А Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе магільны камень у даліне царскай; бо казаў ён: «Я не маю сына, які б збярог памяць імя майго». І назваў ён помнік імем сваім, і аж да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.
19 А Ахімаас, сын Садока, сказаў: «Пабягу і паведамлю цару, што Госпад аказаў яму законнасць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў яго».
20 На гэта сказаў яму Ёаб: «Не будзеш ты ў гэты дзень вестуном добрай весткі, але паведаміш іншым разам; бо сёння нядобрае прынясеш, таму што сын цара забіты».
21 І сказаў Ёаб кушыту: «Ідзі і скажы цару, што ты бачыў». Кушыт пакланіўся Ёабу і пабег.
22 У другі раз Ахімаас, сын Садока, сказаў Ёабу: «Што б ні было, я таксама пабягу за кушытам!» І Ёаб сказаў: «Чаму хочаш бегчы, сын мой? Не будзе табе ўзнагароды за добрую вестку».
23 Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаб сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаас, бегучы напрасткі, апярэдзіў кушыта.
24 А Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі; і вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць,
25 і ён, крыкнуўшы, паведаміў цару. І цар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А калі той бег і набліжаўся,
26 убачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, дык закрычаў вартаўнік прыдзвернаму: «Нейкага чалавека я бачу, што бяжыць адзін». І цар сказаў: «Гэты таксама з добраю весткай».
27 І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага — як бег Ахімааса, сына Садока». І кажа цар: «Ён чалавек добры, прыбывае з добраю весткай».
28 І, закрычаўшы, Ахімаас сказаў цару: «Супакой». І, пакланіўшыся цару да зямлі, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог твой, Які аддаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, цара!»
29 І цар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І Ахімаас адказаў: «Бачыў я вялікае замяшанне, калі паслугач цара Ёаб пасылаў паслугача цара і мяне, паслугача твайго, але не ведаю, што там было».
30 Загадаў яму цар: «Адыдзі і стань там». І, калі той адышоў і стаў збоку,
31 прыйшоў кушыт і, падышоўшы, сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, цар, бо рассудзіў на тваю карысць сёння твой Госпад, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія ўзбунтаваліся супраць цябе».
32 І спытаўся цар у кушыта: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Адказаў яму кушыт: «Хай будзе ворагам гаспадара майго, цара, і ўсім, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму».
33 І задрыжэў цар, і пайшоў у верхняе памяшканне брамы, і плакаў. І, калі ішоў, так гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017