Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Самуэля 5 2-я Самуэля 5 разьдзел

1 І прыйшлі ўсе пакаленні Ізраэля да Давіда ў Геброн, кажучы: «Вось, мы — косць твая і цела тваё.
2 Але і ўчора, і заўчора, калі Саўл быў царом над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраэль. І Госпад сказаў табе: “Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль, і ты будзеш кіраўніком над Ізраэлем”».
3 І сабраліся таксама да цара ў Геброн ўсе старэйшыны Ізраэля, і цар Давід заключыў з імі запавет перад Госпадам у Геброне; і намасцілі Давіда на цара над Ізраэлем.
4 Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў цараваць, і сорак гадоў быў царом;
5 у Геброне над Юдай цараваў ён сем гадоў і шэсць месяцаў, а ў Ерузаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраэлем і над Юдай.
6 Цар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі ў Ерузалім супраць евусеяў, жыхароў той зямлі. Тыя сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сляпыя і кульгавыя», гэта значыла: «Не ўвойдзе сюды Давід».
7 Давід, аднак, здабыў крэпасць Сіён: ён стаў горадам Давідавым.
8 Бо сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто забівае евусеяў, хай кідае ў рачны канал кульгавых і сляпых, ненавісных для душы Давіда». Таму гаворыцца ў прыказцы: «Сляпы і кульгавы не ўвойдуць у дом».
9 І Давід абжыўся ў крэпасці, і назваў яе горадам Давідавым; і адбудаваў яго кругом ад Мэло і ў сярэдзіне.
10 І Давід станавіўся штораз магутнейшы, бо Госпад, Бог Магуццяў, быў з ім.
11 Таксама паслаў Гірам, цар Тыра, веснікаў да Давіда, і дрэвы кедравыя, і цесляў, і мастакоў па камені, і яны пабудавалі дом Давіду.
12 І пераканаўся Давід, што Госпад паставіў яго царом над Ізраэлем і што Ён узвысіў цараванне яго над народам Сваім, Ізраэлем.
13 І калі Давід перасяліўся з Геброна, ён узяў сабе яшчэ наложніц і жонак з Ерузаліма; і нарадзіліся Давіду яшчэ сыны і дочкі.
14 І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон,
15 і Ебагар, і Элішуа, і Напэг, і Яфія,
16 і Элісама, і Эліяда, і Эліпалет.
17 А філістынцы пачулі, што Давіда намасцілі на цара над Ізраэлем, і сабраліся ўсе, каб шукаць Давіда. Калі Давід пачуў аб гэтым, ён увайшоў у крэпасць,
18 а філістынцы па прыходзе разышліся па даліне Рэфаім.
19 І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці пайсці мне на філістынцаў? І ці аддасі Ты іх у мае рукі?» Госпад сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я, аддаўшы філістынцаў, перадам іх у рукі твае».
20 Дык пайшоў Давід у Баал-Парацым, і разбіў іх там, і сказаў: «Раздзяліў Госпад ворагаў маіх перада мною, як раздзяляюцца воды». Таму тое месца і названа Баал-Парацым.
21 І пакінулі яны там сваіх ідалаў, якіх захапілі Давід і людзі яго.
22 І прыйшлі зноў філістынцы, і разышліся па даліне Рэфаім.
23 А Давід раіўся з Госпадам, Які даў такі адказ: «Не выходзь, але абыдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку тутавых дрэў;
24 і калі пачуеш стукат крокаў як бы ідучага па вершалінах дрэў тутавых, тады спяшайся, бо тады выйдзе Госпад перад абліччам тваім, каб разбіць лагер філістынскі».
25 І зрабіў Давід так, як загадаў яму Госпад; і перамог філістынцаў ад Габаона аж да Газэра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Самуэля, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017