2 царстваў 15 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І сталася пасьля гэтага, што Абсалом справіў сабе калясьніцу і коней, і пяцьдзясят мужчынаў, беглі перад абліччам ягоным.
Пасля таго Абсалом справіў сабе калясніцы, і коней, і пяцьдзесят мужчын, якія хадзілі перад ім.
І ўставаў Абсалом рана, і станавіўся каля дарогі пры браме. І кожнага, хто з нейкай справай судовай зьвяртаўся да валадара на суд, клікаў Абсалом да сябе і казаў: «З якога ты гораду?» Той казаў: «Слуга твой з такога і такога калена Ізраіля».
І, устаўшы рана, Абсалом станавіўся каля дарогі, што вяла да брамы; і кожнага чалавека, хто з якой справай звяртаўся да цара на суд, клікаў Абсалом да сябе і пытаў: «З якога ты горада?» Той, адказваючы, гаварыў: «Паслугач твой з такога і такога пакалення Ізраэля».
І Абсалом казаў яму: «Глядзі, справа твая добрая і слушная, але ў валадара ты ня знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
І Абсалом казаў яму: «Глядзі, размовы твае добрыя і справядлівыя, але ў цара ты не знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў судзьдзёю над зямлёй? Тады прыходзілі б да мяне ўсе, што маюць спрэчку або справу судовую, і я паводле праведнасьці [судзіў бы іх]».
І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў суддзёю зямлі, каб прыходзілі да мяне ўсе, што маюць вырашаць справы, і каб я судзіў іх па справядлівасці?»
І калі падыходзіў чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў руку, і абдымаў яго, і цалаваў яго.
Але і калі падыходзіў да яго чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў сваю руку і, беручы яго, цалаваў яго.
І рабіў Абсалом так з кожным Ізраільцянінам, які прыходзіў на суд да валадара, і здабываў Абсалом сэрцы Ізраільцянаў.
І рабіў ён так з кожным ізраэльцам, які прыходзіў на суд, каб выслухаў яго цар, і здабываў сэрцы ізраэльцаў.
Праз чатыры гады сказаў Абсалом валадару: «Пайду я ў Хеўрон і споўню шлюбаваньне маё, якое я абяцаў ГОСПАДУ.
Па чатырох гадах сказаў Абсалом цару: «Пайду, прашу цябе, я ў Геброн і споўню мае абяцанні, што я абяцаў Госпаду.
Бо калі слуга твой быў у Гешуры Сірыйскім, я шлюбаваў, кажучы: “Калі верне мяне ГОСПАД назад у Ерусалім, буду служыць ГОСПАДУ”».
Бо калі паслугач твой быў у Гэсуры Сірыйскім, ён даў абяцанне, кажучы: “Калі верне мяне Госпад назад у Ерузалім, складу Госпаду ахвяру”».
І сказаў яму валадар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Хеўрон.
І сказаў яму цар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Геброн.
І паслаў Абсалом таемных весьнікаў у-ва ўсе калены Ізраіля, кажучы: «Калі пачуеце гук рогу, гаманіце: “Абсалом [абраны] валадаром у Хеўроне”».
І паслаў Абсалом тайных вестуноў ва ўсе пакаленні Ізраэля, кажучы: «Адразу ж, як пачуеце гук трубы, гаманіце: “Абсалом абраны царом у Геброне”».
І з Абсаломам выйшлі з Ерусаліму дзьвесьце чалавек, і пайшлі ў шчырасьці [сэрца], ня ведалі нічога.
А з Абсаломам выбралася з Ерузаліма дзвесце прызваных чалавек, што ішлі з чыстым сэрцам і зусім не ведалі справы.
І паслаў Абсалом у час складаньня ахвяраў, і паклікаў Ахітафэля з Гіло, дарадцу Давіда, з гораду ягонага Гіло. І ўмацавалася змова, і народ зыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
У час ускладання ахвяр Абсалом таксама паклікаў Ахітатэла з Гіло, дарадчыка Давіда, з горада яго Гіло. І адбылася змова моцная, і народ сыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
І прыйшоў весьнік да Давіда, кажучы: «Сэрца ўсяго Ізраіля з Абсаломам».
І прыбыў вястун да Давіда, паведамляючы: «Сэрца ўсяго Ізраэля прыстала да Абсалома».
І сказаў Давід усім слугам, якія [былі] з ім у Ерусаліме: «Уставайце! Уцякайма! Бо ня будзе нам ратунку перад абліччам Абсалома. Сьпяшайцеся ўцячы, каб не дагнаў ён нас раптам і каб ня выгубіў нас, і каб вострывам мяча ня зьнішчыў гораду».
І сказаў Давід сваім паслугачам, што былі разам з ім у Ерузаліме: «Збірайцеся, уцякайма; бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся ўцячы, каб ён, спяшаючыся, не дагнаў нас раптам, і каб не загубіў нас, і каб вастрыём меча не знішчыў горад».
І слугі валадара сказалі валадару: «Усё, што вырашыць гаспадар наш, валадар, вось, мы, слугі твае, [выканаем]».
І паслугачы цара сказалі яму: «Ва ўсім, што загадае гаспадар наш, цар, вось, мы, паслугачы твае».
І выйшаў валадар, і ўвесь дом ягоны нагамі сваімі, і пакінуў валадар дзесяць жанчынаў наложніцаў сьцерагчы дом.
І выйшаў цар, і за ім увесь дом яго, і пакінуў цар дзесяць жанчын наложніц сцерагчы дом.
І выйшаў валадар, і ўвесь народ нагамі сваімі, і затрымаліся яны пры апошнім доме.
І, выйшаўшы, цар і ўвесь народ з ім затрымаліся пры апошнім доме.
І праходзілі пад рукою ягонай усе слугі ягоныя, усе Керэты, усе Пэлеты і ўсе тыя, якія прыйшлі з Гату, шэсьцьсот чалавек, якія нагамі сваімі прыйшлі з Гату перад аблічча валадара.
І праходзілі перад ім усе паслугачы яго; усе херэты, і фелеты і ўсе хетэі, шэсцьсот чалавек, якія пайшлі за ім з Гета, прайшлі перад царом.
І сказаў валадар Іттаю з Гату: «Навошта ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з валадаром, бо ты — чужынец і выгнанец з бацькаўшчыны тваёй.
І спытаўся цар у Этая з Гета: «Чаму і ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з царом, бо ты чужынец і нават выгнаннік са сваёй бацькаўшчыны.
Учора прыйшоў ты, а сёньня я змушаю цябе ісьці блукаць разам з намі, і я сам ня ведаю, куды іду. Вярніся і забяры братоў тваіх, і міласэрнасьць і праўда [няхай будуць] з табой».
Учора прыбыў ты, і сёння я змушаю цябе ісці блукаць разам з намі, бо я сам не ведаю, куды іду. Вярніся і забяры з сабой братоў сваіх, і хай Госпад акажа табе міласэрнасць і праўду».
І адказаў Іттай валадару, і сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывы гаспадар мой, валадар! Толькі там, дзе будзе гаспадар мой, валадар, на сьмерць ці на жыцьцё, там будзе і слуга твой».
І ў адказ сказаў Этай цару: «Жыве Госпад, і жыве гаспадар мой, цар; у любым месцы, дзе будзе гаспадар мой, цар, ці на смерць, ці на жыццё, там будзе і паслугач твой».
І сказаў Давід Іттаю: «Ідзі і праходзь!» І перайшоў [Кедрон] Іттай з Гату і ўсе людзі ягоныя, і ўсе дзеці ягоныя, якія з ім.
І сказаў Давід Этаю: «Ідзі і праходзь!» І прайшоў Этай з Гета, і ўсе яго людзі, і ўсе дзеці, якія былі з ім.
А ўся зямля плакала голасам вялікім, і ўвесь народ пераходзіў [Кедрон], і валадар перайшоў ручай Кедрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
І ўся ваколіца ва ўвесь голас плакала, і ўвесь народ праходзіў. Цар таксама перайшоў ручай Цэдрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
І вось, Цадок, і з ім усе лявіты, несучы Каўчэг Запавету Божага. І паставілі яны Каўчэг Божы, і Абіятар стаяў, пакуль увесь народ ня выйшаў з гораду.
І прыйшоў Садок, і з ім усе левіты, якія неслі каўчэг запавету Божага, і паставілі яны каўчэг Божы. І Абіятар склаў ахвяру, пакуль увесь народ не выйшаў з горада.
І сказаў валадар Цадоку: «Занясіце Каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах ГОСПАДА, Ён верне мяне, і я ўбачу Яго і жытло Ягонае.
І сказаў цар Садоку: «Занясі каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах Госпада, то Ён верне мяне і пакажа мне Яго і жыллё Яго.
А калі Ён скажа: “Ня маю ўпадабаньня ў табе”, вось я, няхай Ён робіць, што добрае ў вачах Ягоных».
А калі Ён скажа: “Не падабаешся ты Мне”, я тут: хай Ён робіць, што падабаецца Яму».
І сказаў валадар Цадоку сьвятару: «Ці ж ты не відушчы? Вяртайся ў горад у супакоі. Ахімаац, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашыя [застануцца] з вамі.
І сказаў цар Садоку святару: «Ці бачыш ты? Вяртайся ў горад у супакоі; і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашы хай застануцца з вамі.
Вось, я буду чакаць на раўнінах пустыні, пакуль ня прыйдзе да мяне слова ад вас, якое вы паведаміце мне».
Вось, я буду вандраваць на раўнінах пустыні, пакуль не прыйдзе да мяне паведамленне ад вас».
І вярнулі Цадок і Абіятар Каўчэг Божы ў Ерусалім, і засталіся там.
І вярнулі Садок і Абіятар каўчэг Божы ў Ерузалім, і засталіся там.
А Давід узыходзіў на гару Аліўную, узыходзіў і плакаў, галава ягоная была закрытая, і ён ішоў босы. І ўвесь народ, які [быў] з ім, ішоў з закрытымі галовамі, і ўзыходзілі, і плакалі.
А Давід узыходзіў на гару Аліўную, ішоў і плакаў, ішоў ён з пакрытай галавой і босымі нагамі; але і ўсе людзі, што былі з ім, ішлі з пакрытымі галовамі і плакалі.
І паведамілі Давіду, кажучы: «Ахітафэль у змове з Абсаломам». І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, зрабі неразумнай раду Ахітафэля».
І паведамілі Давіду, што і Ахітатэл быў у змове з Абсаломам; і сказаў Давід: «Госпадзе, прашу, пазбаў сілы параду Ахітатэла».
І калі Давід узыйшоў на вяршыню [гары], дзе пакланяліся Богу, вось, пераняў яго Хушай Аркеец у разьдзёртым адзеньні і з [пасыпанай] зямлёй галавой.
І калі Давід узышоў на вяршыню гары, дзе пакланяліся Богу, тады падбег да яго Хусай арахеец у раздзёртым адзенні і з пасыпанай зямлёй галавой.
І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш для мяне цяжарам.
І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш мне цяжарам;
А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, валадару, слуга твой. Як раней я быў слугой бацькі твайго, так цяпер буду слугой тваім!”, і ты ўдарэмніш раду Ахітафэля адносна мяне.
А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, цар, буду паслугачом тваім; раней я быў паслугачом бацькі твайго, дык цяпер буду тваім паслугачом!”, — то ты пазбавіш сілы параду Ахітатэла адносна мяне.
там з табою Цадок і Абіятар, сьвятары. І ўсе словы, якія пачуеш у доме валадара, перакажаш Цадоку і Абіятару, сьвятарам.
А будзеш мець пры сабе Садока і Абіятара, святароў; і ўсё, што пачуеш у доме цара, перакажаш Садоку і Абіятару, святарам.
Вось, з імі два сыны іхнія, Ахімаац у Цадока і Ёнатан у Абіятара. Праз іх перакажаш кожнае слова, якое пачуеш».
А з імі засталіся два сыны іх: Ахімаас у Садока і Ёнатан у Абіятара; і праз іх мне перакажаш усё, што пачуеш».
І ўвайшоў Хушай, сябра Давіда, у горад. І Абсалом увайшоў у Ерусалім.
І ўвайшоў Хусай, сябар Давіда, у горад, і Абсалом таксама ўвайшоў у Ерузалім.