2 царстваў 8 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася пасьля гэтага, Давід разьбіў Філістынцаў і падпарадкаваў іх. І ўзяў Давід з рук Філістынцаў Мэтэг і ваколіцы.
 
Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід разбіў філістынцаў і змусіў іх падпарадкавацца яму; і ўзяў Давід з рук філістынцаў Гет і гарады яго.

І разьбіў ён Мааўлянаў, і зьмерыў іх вяроўкаю, палажыўшы на зямлю; дзьве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, што мелі застацца пры жыцьці. І Мааўляне сталіся слугамі Давіда, і прыносілі яму даніну.
 
І разбіў ён маабцаў, і змераў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; дзве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, якія мелі застацца жывымі; і сталася, што маабцы зрабіліся нявольнікамі Давіда, і прыносілі яму даніну.

І пабіў Давід Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы, калі той пайшоў, каб паставіць руку сваю над ракой Эўфрат.
 
І пабіў таксама Давід Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы, калі той пайшоў, каб аднавіць валадаранне сваё над ракой Эўфрат.

І ўзяў у яго Давід тысячу семсот коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў. І паперарэзваў Давід жылы ў-ва ўсіх [коняў] тых калясьніцаў, і пакінуў з іх сабе сто калясьніцаў.
 
І Давід, узяўшы ў яго тысячу семсот коннікаў і дваццаць тысяч пяхоты, падрэзаў сухажыллі ва ўсіх коней калясніц; а сабе пакінуў з іх сто калясніц.

І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і Давід пабіў у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.
 
А калі Арам з Дамаска прыйшоў, каб прынесці дапамогу Ададэзэру, цару Собы, Давід пабіў у Арама дваццаць дзве тысячы чалавек,

І паставіў Давід залогі ў Араме ў Дамаску, і Арам стаўся слугой Давіда, і прыносіў яму даніну. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.
 
і паставіў Давід гарнізоны ў Араме Дамаска; і Арам быў падпарадкаваны Давіду і прыносіў яму даніну. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі слугі Гададэзэра, і прынёс яе ў Ерусалім.
 
І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, і прынёс яе ў Ерузалім;

А з Бэтаху і Бэратаю, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі.
 
і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Бэратая ўзяў цар Давід вельмі шмат медзі.

І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід перамог усё войска Гададэзэра,
 
А пачуў цар Эмата Той, што Давід перамог усё войска Ададэзэра,

і паслаў Тоў сына свайго Ярама да валадара Давіда прывітаць яго і дабраславіць яго, што ён ваяваў з Гададэзэрам і пабіў яго, бо Тоў і Гададэзэр былі ворагамі. І ў руцэ [Ярама] былі рэчы срэбныя, рэчы залатыя і рэчы мядзяныя.
 
і паслаў Той сына свайго Адарама да цара Давіда, каб прывітаць Яго, прыносячы віншаванні, і падзякаваць яму, што ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо ворагам быў Той Ададэзэру. І прывёз падарункі Адарам: посуд срэбраны і посуд залаты, а таксама посуд медны,

І валадар Давід пасьвяціў таксама гэта для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён у-ва ўсіх упакораных народаў:
 
якія цар Давід асвяціў для Госпада разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён ва ўсіх упакораных народаў:

у Арама, Мааўлянаў, сыноў Амона, Філістынцаў, Амалекцаў, і са здабычы Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы.
 
у Арама, маабцаў, сыноў Амона, філістынцаў, амалекцаў, і з рук Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы.

І праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў Арама ў Саляной даліне, васямнаццаць тысячаў чалавек.
 
Таксама праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў эдомцаў у Саляным лагу, забіўшы васемнаццаць тысяч чалавек.

І паставіў ён у Эдоме залогу, і ўвесь Эдом стаўся слугою Давіда. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.
 
І паставіў ён у Эдоме гарнізоны, і ўвесь Эдом стаў нявольнікам Давіда. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў Давід суд і праведнасьць усяму народу свайму.
 
І Давід цараваў над усім Ізраэлем, таксама Давід спраўляў суд і справядлівасць над усім сваім народам.

І Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, а Язафат, сын Ахілюда — канцлер,
 
А Ёаб, сын Сэруі, быў над войскам, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам,

Цадок, сын Ахітува, і Абіятар, сын Ахімэлеха, — святары, а Сэрая — пісар,
 
і Садок, сын Ахітуба, і Абіятар, сын Ахімэлеха, былі святарамі, і Сарая быў пісарам.

Бэная, сын Егаяды, — над Керэтамі і Пэлетамі, а сыны Давіда былі сьвятарамі.
 
А Баная, сын Ёяды, быў над херэтамі і фелетамі; а сыны Давіда былі падручнымі цара.