Эстэр 5 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася на трэці дзень, і апранулася Эстэр у [шаты] валадарскія, і стала на ўнутраным панадворку дому валадара, насупраць дому валадара. А валадар сядзеў на валадарскім пасадзе сваім у доме валадарскім насупраць уваходу ў дом.
На трэці дзень Эстэр адзелася па-царску. І стала яна на ўнутраным двары царскага дома, перад домам цара; а цар сядзеў тады на царскім троне сваім, у царскім доме, проста і насупраць уваходу ў дом. Калі цар убачыў царыцу Эстэр, якая стаяла на двары, яна знайшла міласьць у вачах яго.
І сталася, калі валадар убачыў валадарку Эстэр, якая стаіць на панадворку, яна знайшла ласку ў вачах ягоных, і выцягнуў валадар да Эстэр скіпетр залаты, які ў руцэ ягонай, і наблізілася Эстэр, і дакранулася да скіпетра.
І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр, які быў у руцэ ў яго, і падышла Эстэр і дакранулася да канца скіпетра.
І сказаў ёй валадар: «Што табе, валадарка Эстэр, і якая просьба твая? Нават палова валадарства будзе дадзена табе».
І сказаў ёй цар: што табе, царыца Эстэр, і якая просьба твая? Нават да паўцарства будзе дадзена табе.
І сказала Эстэр: «Калі добра для валадара, няхай прыйдзе валадар і Аман сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму».
І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, хай прыйдзе цар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму.
І сказаў валадар: «Прысьпешце Амана, каб зрабіць паводле слова Эстэр». І прыйшоў валадар і Аман на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
І сказаў цар: схадзеце хутчэй па Амана, каб зрабіў па слове Эстэры. І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
І сказаў валадар Эстэр, выпіўшы віна: «Якое жаданьне тваё? І будзе дадзена табе. І якая просьба твая? Аж да паловы валадарства, і будзе выканана».
І сказаў цар Эстэры пры піцьці віна: якое жаданьне тваё? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
І адказала Эстэр, і сказала: «Вось жаданьне маё і просьба мая:
І адказвала Эстэр і сказала: вось маё жаданьне і мая просьба:
Калі я знайшла ласку ў вачах валадара, і калі добра для валадара паслухаць жаданьне маё і зрабіць паводле просьбы маёй, няхай прыйдзе валадар і Аман на гасьціну, якую я зраблю ім, і заўтра я зраблю паводле слова валадара».
калі я знайшла добрую волю ў вачах цара, і калі цару заўгодна задаволіць жаданьне маё і выканаць просьбу маю, дык хай цар з Аманам прыйдзе на гасьціну, якую я прыгатую ім, і заўтра я выканаю слова цара.
І выйшаў Аман у той дзень вясёлы і з добрым [настроем] сэрца. І ўбачыў Аман Мардэхая ў браме валадарскай, і той ня ўстаў, і не крануўся з месца перад ім, і напоўніўся Аман гневам на Мардэхая.
І выйшаў Аман у той дзень вясёлы і дабрадушны. І калі ўбачыў Аман Мардахэя каля брамы царскае, і той ня ўстаў і зь месца не скрануўся перад ім, тады напоўніўся Аман гневам на Мардахэя.
І апанаваў сябе Аман, і прыйшоў у дом свой, і паслаў паклікаць да сябе сяброў сваіх і Зэрэш, жонку сваю.
Аднак жа сьцярпеў Аман. А калі прыйшоў у дом свой, дык паслаў паклікаць сяброў сваіх і Зэрэш, жонку сваю.
І распавёў ім Аман пра славу багацьця свайго, і пра мноства сыноў сваіх, і пра ўсё тое, як узьвялічыў яго валадар і як узвысіў яго па-над князямі і слугамі валадарскімі.
І расказваў ім Аман пра вялікае багацьце сваё і пра мноства сыноў сваіх і пра ўсё тое, як узьвялічыў яго цар і як узьнёс над князямі і слугамі царскімі.
І сказаў Аман: «Нават валадарка Эстэр акрамя мяне [нікога] ня клікала з валадаром на гасьціну, якую яна прыгатавала; і таксама заўтра я пакліканы з валадаром да яе.
І сказаў Аман: ды і царыца Эстэр нікога не паклікала з царом на гасьціну, якую яна прыгатавала, акрамя мяне; так і назаўтра я кліканы да яе з царом.
Але ўсё гэта не пакідае ў супакоі мяне ўвесь гэты час, пакуль я бачу Мардэхая Юдэя, які сядзіць пры браме валадарскай».
Але ўсяго гэтага ня досыць мне, пакуль я бачу Мардахэя Юдэя, як ён сядзіць каля брамы царскай.
І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: «Няхай падрыхтуюць дрэва высокае ў пяцьдзясят локцяў, і раніцаю скажы валадару, і павесяць Мардэхая на ім, і пойдзеш на гасьціну з валадаром вясёлым». І было добрым гэтае слова для Амана, і ён падрыхтаваў дрэва.
І сказала яму Зэрэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: хай падрыхтуюць дрэва вышынёю ў пяцьдзясят локцяў, і раніцай скажы цару, каб павесілі Мардахэя на ім, і тады весела ідзі на гасьціну з царом. І спадабалася гэта слова Аману, і ён падрыхтаваў дрэва.