Міхея 3 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І я сказаў: «Паслухайце, прашу, галовы Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Ці ж ня вам ведаць суд?
І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?
Вы ненавідзіце дабро і любіце ліха, зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і цела іхняе — з костак іхніх.
А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,
Вы ясьцё цела народу майго і зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і ломіце косткі іхнія, і расьсякаеце іх нібы ў гаршчок, і цела [іхняе] — нібы на патэльню?
ясьце плоць народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць — як бы ў кацёл.
Тады яны будуць клікаць да ГОСПАДА, але Ён не адкажа ім, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час, бо яны робяць ліхоту ўчынкамі сваімі.
І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.
Гэта кажа ГОСПАД пра прарокаў, якія зводзяць народ мой, якія калі [маюць што] кусаць зубамі сваімі, крычаць: «Мір!», а калі [ніхто нічога] не кладзе ў вусны іхнія, яны пасьвячаюцца на вайну супраць іх.
Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі — і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.
Дзеля гэтага [будзе] ноч для вас, і ня [будзе] відзежу, і [будзе] цёмна ў вас, і ня [будзе] прадказаньня; зойдзе сонца над прарокамі, і сьцямнее дзень над імі.
Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра — замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.
І будуць асаромлены відушчыя, і будуць у ганьбе прадказальнікі, усе яны закрыюць вусны свае, бо ня будзе адказу ад Бога.
І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.
А я напоўнены моцай ад Духа ГОСПАДА, і судом, і магутнасьцю, каб абвяшчаць Якубу правіны ягоныя і Ізраілю — грэх ягоны.
А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю — грэх ягоны.
Пачуйце гэта, прашу, галовы дому Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Вы брыдзіцеся судом і крывіце ўсё простае.
Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,
Вы будуеце Сыён на крыві і Ерусалім — на беззаконьні.
будуюць Сіён крывёю і Ерусалім — няпраўдаю!
Галовы ягоныя судзяць за хабары, і сьвятары ягоныя навучаюць за плату, і прарокі ягоныя прадказваюць за срэбра; і абапіраюцца на ГОСПАДА, кажучы: «Хіба няма ГОСПАДА сярод нас? Ня прыйдзе на нас ліха».
Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: «ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!»
Дзеля гэтага гара Сыён будзе ўзарана як поле, і Ерусалім станецца купай друзу, і гара Дому [Божага] — лясным узгоркам.
Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.