Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Міхея 3 Міхея 3 разьдзел

1 І я сказаў: «Паслухайце, прашу, галовы Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Ці ж ня вам ведаць суд?
2 Вы ненавідзіце дабро і любіце ліха, зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і цела іхняе — з костак іхніх.
3 Вы ясьцё цела народу майго і зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і ломіце косткі іхнія, і расьсякаеце іх нібы ў гаршчок, і цела [іхняе] — нібы на патэльню?
4 Тады яны будуць клікаць да ГОСПАДА, але Ён не адкажа ім, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час, бо яны робяць ліхоту ўчынкамі сваімі.
5 Гэта кажа ГОСПАД пра прарокаў, якія зводзяць народ мой, якія калі [маюць што] кусаць зубамі сваімі, крычаць: «Мір!», а калі [ніхто нічога] не кладзе ў вусны іхнія, яны пасьвячаюцца на вайну супраць іх.
6 Дзеля гэтага [будзе] ноч для вас, і ня [будзе] відзежу, і [будзе] цёмна ў вас, і ня [будзе] прадказаньня; зойдзе сонца над прарокамі, і сьцямнее дзень над імі.
7 І будуць асаромлены відушчыя, і будуць у ганьбе прадказальнікі, усе яны закрыюць вусны свае, бо ня будзе адказу ад Бога.
8 А я напоўнены моцай ад Духа ГОСПАДА, і судом, і магутнасьцю, каб абвяшчаць Якубу правіны ягоныя і Ізраілю — грэх ягоны.
9 Пачуйце гэта, прашу, галовы дому Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Вы брыдзіцеся судом і крывіце ўсё простае.
10 Вы будуеце Сыён на крыві і Ерусалім — на беззаконьні.
11 Галовы ягоныя судзяць за хабары, і сьвятары ягоныя навучаюць за плату, і прарокі ягоныя прадказваюць за срэбра; і абапіраюцца на ГОСПАДА, кажучы: «Хіба няма ГОСПАДА сярод нас? Ня прыйдзе на нас ліха».
12 Дзеля гэтага гара Сыён будзе ўзарана як поле, і Ерусалім станецца купай друзу, і гара Дому [Божага] — лясным узгоркам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Міхея, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023