Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Міхея 5 Міхея 5 разьдзел

1 Цяпер зьбяры войскі, дачка войскаў! Аблягуць нас аблогаю, дубцом будуць біць па шчоках судзьдзю Ізраіля.
2 Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх.
3 Дзеля гэтага Ён выдасьць іх аж да часу, калі народзіць тая, што мае нарадзіць; і пазасталыя з братоў Ягоных вернуцца да сыноў Ізраіля.
4 І стане Ён, і будзе пасьвіць у моцы ГОСПАДА, у слаўнасьці імя ГОСПАДА, Бога Свайго, і яны будуць жыць [там], бо ад гэтага [часу] Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі.
5 І Ён будзе супакой. Калі Асур прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць палацы нашыя, тады мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў чалавечых.
6 І яны будуць мячом пасьвіць зямлю Асура і зямлю Німрода каля ўваходаў іхніх. І Ён выратуе ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць межы нашыя.
7 І будзе рэшта Якуба сярод мноства народаў, як раса ад ГОСПАДА, як дождж на траву, якога не спадзяешся ад чалавека і не чакаеш ад сыноў чалавечых.
8 І будзе рэшта Якуба сярод народаў, сярод мноства народаў, як леў сярод зьвяроў лесу, як ільвяня сярод чарады авечак, якое, калі ўвойдзе, топча і разьдзірае, і [ніхто] ня можа выратаваць.
9 Узьнімецца рука твая на прыгнятальнікаў тваіх, і ўсе ворагі твае будуць зьнішчаны.
10 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьнішчу коней тваіх сярод цябе і скрышу калясьніцы твае;
11 і зьнішчу гарады ў зямлі тваёй, і зруйную ўсе замкі твае;
12 і зьнішчу чараваньне рукі тваёй, і варажбітоў ня будзе ў цябе;
13 і зьнішчу балванаў тваіх і слупы твае пасярод цябе, і ня будзеш ужо пакланяцца вырабу рук тваіх;
14 і Я павырываю астартаў тваіх спасярод цябе; і панішчу гарады твае.
15 І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія не былі паслухмяныя [Мне].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Міхея, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023