Да Рымлянаў 13 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Усякая душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; а ўлады, якія ёсьць, ад Бога пастаўлены.
Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены.
Так што, хто працівіцца ўладзе, супрацьстаіць Божай пастанове. А тыя, якія супрацьстаяць, самі на сябе прысуд атрымаюць.
Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду.
Бо начальнікі страшныя не для тых, якія робяць добрае, але [для тых, якія робяць] кепскае. А хочаш не баяцца ўлады, рабі добрае, і будзеш мець пахвалу ад яе.
Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе;
Бо [начальнік — гэта] Божы служыцель табе на дабро. А калі робіш злое, бойся, бо ён не дарэмна носіць меч, бо ён — Божы служыцель, мсьціўца на гнеў таму, хто робіць злое.
бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён — Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое.
Дзеля гэтага трэба падпарадкоўвацца ня толькі з увагі на гнеў, але і на сумленьне.
І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня.
Бо дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны — Божыя служыцелі, гэтым самым заўсёды занятыя.
На тое вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя слугі, за гэтым пільна дасочваюць.
Дык аддавайце кожнаму належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх; каму пашану — пашану.
Дык вось, аддавайце кожнаму належнае; каму падатак, падатак; каму мыта, мыту; каму страх, страх; каму гонар, гонар.
Ня будзьце вінныя нікому нічога, апрача ўзаемнай любові, бо хто любіць іншага, той споўніў Закон.
Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.
Бо прыказаньні «Не чужалож», «Не забівай», «Не крадзі», «Ня сьведчы фальшыва», «Не пажадай» і кожнае іншае зьмяшчаюцца ў гэтым слове: «Любі бліжняга твайго як самога сябе».
Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе.
Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў — гэта спаўненьне Закону.
Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона.
І гэтак [рабіце], ведаючы час, што ўжо гадзіна абудзіцца нам зо-сну, бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі.
Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі.
Ноч зыходзіць, а дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла.
Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.
Як удзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасьці і бессаромнасьці, ня ў сварцы і зайздрасьці,
Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб’ядзеньні і п’янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;
але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажаданьнях.
але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.