Асіі 6 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

«Хадзем і вернемся да ГОСПАДА, бо Ён разьдзёр, і Ён нас аздаровіць, Ён ударыў, і Ён перавяжа [раны] нашыя.
 
«Пайдзіма й зьвярнімася да СПАДАРА, бо Ён разьдзер і Ён ўздарове нас, выцяў і завяжа нам.

Ажывіць нас праз два дні, і на трэці дзень падніме нас, і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
 
За два дні ажыве нас, на трэйці дзень ускрэсе вас, і мы будзем жыць перад відам Ягоным.

І мы пазнаем, і будзем імкнуцца пазнаць ГОСПАДА. Як [прыход] раніцы падрыхтаваны выхад Ягоны, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як раньні дождж і як позьні дождж на зямлю».
 
Тады пазнаем, пажанемся пазнаць СПАДАРА; прыход Ягоны прыгатаваны як раньне, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як вяснушчы й восенскі дождж на зямлю».

Што Мне зрабіць табе, Эфраіме? Што Мне зрабіць табе, Юда? Міласэрнасьць вашая як воблака ранішняе, як раса, што рана зьнікае.
 
Што Імне рабіць із табою, Яхрэме? што Імне рабіць із табою, Юда? бо міласэрдзе ваша як ранічны туман, і мінае як раса нараніцы.

Дзеля гэтага Я абчэсваў іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх. І суды Мае як сьвятло выходзяць.
 
Затым Я часаў іх прарокамі і забіваў іх словамі вуснаў Сваіх, і суды твае, як сьвятліня выйдуць;

Бо міласэрнасьці хачу, а не ахвяры, і пазнаньня Бога больш, чым цэласпаленьняў.
 
Бо Я жадаў міласэрдзя, а не аброку, і знацьця Бога болей, чымся ўсепаленьняў.

Але яны, як Адам, парушылі запавет, там яны здрадзілі Мне.
 
Але яны, як Адам, узрушылі змову, тым ізрадзілі Мяне.

Гілеад — горад тых, якія робяць злачынствы, заплямлены крывёю.
 
Ґілеад места іхнае, каторае робе бяспраўе, сплюгаўлены крывёю.

Як разбойнікі цікуюць на чалавека, так хеўра сьвятароў забівае злачынна на шляху ў Сыхем, бо яны падступнае ўчыняюць.
 
Як чарада глабаньнікаў цікуе на чалавека, так груд сьвятароў забівае на дарозе да Шыхему, бо яны бязуляць.

У доме Ізраіля Я бачыў брыдоту брыдотаў, там распуста Эфраіма, зганьбаваны Ізраіль.
 
У доме Ізраелявым Я бачыў жахлівае: там бязулства Яхрэма, сплюгавіўся Ізраель.

Таксама для цябе, Юда, прызначана жніво, калі Я вярну палонных народу Майго.
 
І нават, Юда, прызначана жніво табе, як Я зьвярну палон люду Свайго.