Асіі 6 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
«Хадзем і вернемся да ГОСПАДА, бо Ён разьдзёр, і Ён нас аздаровіць, Ён ударыў, і Ён перавяжа [раны] нашыя.
«Хадземце, вернемся да Госпада, бо Ён скалечыў нас і вылечыць нас, Ён нас пабіў і аздаравіць нас.
Ажывіць нас праз два дні, і на трэці дзень падніме нас, і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
Па двух днях верне нам жыццё, а трэцяга дня — падыме нас, і будзем жыць у прысутнасці Яго.
І мы пазнаем, і будзем імкнуцца пазнаць ГОСПАДА. Як [прыход] раніцы падрыхтаваны выхад Ягоны, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як раньні дождж і як позьні дождж на зямлю».
Пазнавайма, парупімся пазнаць Госпада. Быццам зараніца, прыгатаваны прыход Яго, і прыйдзе Ён, як дождж своечасовы да нас, як дождж позні, што абвадняе зямлю».
Што Мне зрабіць табе, Эфраіме? Што Мне зрабіць табе, Юда? Міласэрнасьць вашая як воблака ранішняе, як раса, што рана зьнікае.
«Што ўчыню табе, Эфраім? Што зраблю табе, Юда? Любоў ваша, як ранняя хмара і як раса ранняя, нясталая».
Дзеля гэтага Я абчэсваў іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх. І суды Мае як сьвятло выходзяць.
Дзеля таго абцёсваў Я іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх, і закон Мой, як святло, узыдзе;
Бо міласэрнасьці хачу, а не ахвяры, і пазнаньня Бога больш, чым цэласпаленьняў.
літасці бо жадаю, а не ахвяры, і пазнання Бога больш, чым цэласпалення.
Але яны, як Адам, парушылі запавет, там яны здрадзілі Мне.
Яны ж ужо ў Адаме парушылі дамову і там адвярнуліся ад Мяне.
Гілеад — горад тых, якія робяць злачынствы, заплямлены крывёю.
Галаад — горад злачынцаў, спаганены крывёю.
Як разбойнікі цікуюць на чалавека, так хеўра сьвятароў забівае злачынна на шляху ў Сыхем, бо яны падступнае ўчыняюць.
Збор святароў падобны да разбойнікаў, што цікуюць на чалавека; на дарозе забіваюць яны тых, што ідуць у Сіхэм, дапускаюцца сапраўднага злачынства.
У доме Ізраіля Я бачыў брыдоту брыдотаў, там распуста Эфраіма, зганьбаваны Ізраіль.
У доме Ізраэля бачу Я жудасці: там Эфраім жыве распусна, спаганіўся Ізраэль.
Таксама для цябе, Юда, прызначана жніво, калі Я вярну палонных народу Майго.
Але і табе, Юда, прыгатавана жніво, калі вярну палон Майго народа.