Асіі 5 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Слухайце гэта, сьвятары, і пачуйце, доме Ізраіля, і прыхіліце вуха, доме валадара, бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю для Міцпы і сеткаю, расьцягнутаю на Таборы.
Слухайце гэта, святары, ды звярні ўвагу, доме Ізраэля ды доме царскі, успрымі, бо для вас прызначаны суд; а вы сталіся сілом для Міцпы і разнятай сеткай над Таборам.
І бунтаўнікі жадаюць забіваць, але Я пакараю кожнага з іх.
І ўчынілі яны глыбокай яму Сітым, але Я ўсіх вас пакараю.
Я ведаю Эфраіма, і Ізраіль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты распусьнічаеш, Эфраім, стаў нячыстым Ізраіль.
Я знаю Эфраіма, ды Ізраэль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты, Эфраіме, пусціўся ў распусту, Ізраэль спракудзіўся.
Не даюць учынкі іхнія вярнуцца да Бога іхняга, бо дух распусты ў нутры іхнім, і яны ня ведаюць ГОСПАДА.
Не дапусцяць учынкі іх навярнуцца ім да Бога свайго, бо дух распуснасці жыве ў іх нутры, і не ведаюць яны Госпада.
І пыха Ізраіля сьведчыць перад абліччам ягоным, і Ізраіль, і Эфраім спатыкнуцца ў грахах сваіх, таксама Юда спатыкнецца з імі.
Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, злачыннасць іх вядзе Эфраім і Ізраэль да падзення, а з імі разам падзе таксама Юда.
З авечкамі сваімі, з валамі сваімі пойдуць шукаць ГОСПАДА, але ня знойдуць. Ён аддаліўся ад іх.
З авечкамі сваімі і валамі сваімі пойдуць шукаць Госпада, але Яго не знойдуць, бо Ён ад іх ухіліўся.
Яны здрадзілі ГОСПАДУ, бо сыноў чужых нарадзілі. Цяпер пажарэ іх маладзік разам з часткамі [спадчыны] іхняй.
Адвярнуліся яны ад Госпада, бо нарадзілі чужых сыноў, цяпер знішчыць іх за месяц з іх маёмасцю.
Трубіце ў рог у Гіве, [дзьміце] ў трубу ў Раме, крычыце ў Бэт-Авэне: «Ужо па табе, Бэн’яміне!»
Грайце ў рог у Габе і на трубе — у Раме, гаманіце ў Бэт-Авэне — напалохайце Бэньяміна.
Эфраім будзе спустошаны ў дзень пакараньня. Сярод каленаў Ізраіля паведамлю пра тое, што напэўна [будзе].
Эфраім станецца пустыняй у дзень пакарання. Адносна пакаленняў Ізраэля абвяшчаю рэч верную.
Князі Юды сталіся як тыя, што перасоўваюць мяжу. Выльлю на іх як ваду гнеў Мой.
Князі Юды сталіся падобныя да тых, што перасоўваюць межы; вылью на іх, як ваду, гнеў Свой.
Эфраім прыгнечаны, судом паламаны, бо пачаў хадзіць за марнотаю.
Прыгнечаны Эфраім, знішчаны суд, бо захацеў пайсці за смеццем.
І Я [буду] як моль для Эфраіма, і як гніль для дому Юды.
А я — быццам моль для Эфраіма, ды быццам гнілізна для дому Юды.
І ўбачыў Эфраім хваробу сваю, а Юда — рану сваю, і пайшоў Эфраім у Асур, і паслаў да валадара Ярэва, але той ня можа ані аздаравіць вас, ані вылечыць рану вашую.
І ўбачыў Эфраім сваю кволасць, а Юда — рану сваю. І выйшаў Эфраім у Асірыю, і выправіў пасланцоў да вялікага цара; але ён сам не зможа вас вылечыць і не зможа вызваліць вас ад калецтва.
Бо Я [буду] як леў для Эфраіма і як ільвяня для дому Юды. Я, Я разьдзяру і адыйду, панясу, і ніхто не выратуе.
Бо Я — быццам леў для Эфраіма ды быццам ільвянятка — для дому Юды; Я схаплю і пайду; панясу, і няма нікога, хто б уратаваў.
Пайду, вярнуся на месца Маё, аж пакуль не прызнаюць віну сваю і будуць шукаць аблічча Маё. У прыгнечанасьці сваёй будуць пільна шукаць Мяне.
Пайду і зноў вярнуся ў Сваё месца, аж адпакутуюць і будуць шукаць аблічча Майго, і будуць прагнуць Мяне ў бедах сваіх.