Ісуса сына Нава 16 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Жэрабям [выпала] спадчына сынам Язэпа ад Ярдану насупраць Ерыхону да водаў Ерыхону з усходу; праз пустыню ішла [мяжа] ад Ерыхону па гарах да Бэтэлю.
 

А ад Бэтэлю [мяжа] ішла да Люзу і праходзіла да межаў Аркейцаў у Атароце,
 

і зыходзіла да мора да мяжы Яфлетцаў, і аж да мяжы ніжняга Бэт-Харону, і да Гезэру, і спынялася каля мора.
 

І ўспадкаемілі гэта сыны Язэпа: Манаса і Эфраім.
 

Мяжа сыноў Эфраіма паводле сем’яў іхніх была такая: мяжой спадчыны іхняй на ўсходзе быў Атарот-Адар аж да верхняга Бэт-Харону.
 

І мяжа ішла да мора, да Міхмэтату на поўначы, і паварочвала мяжа на ўсход праз Танат-Шыле і цягнулася на ўсход да Янааху.
 

З Янааху зыходзіла да Атароту і Наары, і праходзіла каля Ерыхону, і спынялася каля Ярдану.
 

З Тапуаху ішла мяжа на захад да ручая Кана і даходзіла да мора. Гэта спадчына пакаленьня Эфраіма паводле сем’яў іхніх.
 

І сыны Эфраіма мелі паасобныя гарады пасярод спадчыны сыноў Манасы, усе гэтыя гарады і вёскі іхнія.
 

Але яны ня выгналі Хананейцаў, якія жылі ў Гезэры. І Хананейцы жывуць сярод Эфраіма да сёньняшняга дня як прыгонныя.