2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Былі ж і фальшывыя прарокі, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя герэзіі і адракуцца Уладара, Які адкупіў іх, сьцягваючы на сябе хуткую загубу.
Былі хвальш-прарокі ў народзе, як і ў вас будуць вучыцялі-лгуны, якія ўвядуць гэрэтыцкія сэкты і, адцураўшыся Збавіцеля іх адкупіўшага, натрочаць на сябе хуткую загубу.
І многія пойдуць сьледам за імі на загубу, і праз іх будуць блюзьніць на шлях праўды,
І многія пойдуць сьлядамі іхняй распушчанасьці, празь іх і шлях праўды будзе абэшчаны.
і яны ў хцівасьці будуць падкупляць вас лісьлівымі словамі; суд для гэтакіх здаўна не бязьдзейнічае, і загуба іхняя ня дрэмле.
Ў сваёй заграбучасьці яны лавіцьмуць вас лісьлівымі славамі, але прысуд ім даўно гатовы і загуба іх не абміне.
Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, кінуўшы [іх] у апраметную ў ковах змроку, аддаў пільнаваць дзеля суду;
Бо калі зграшыўшых анелаў Бог не пашчадзіў, а зьвязаўшы путамі пякельнае цемры каральнае, аддаў захаваць іх на суд;
і калі не пашкадаваў старадаўнага сьвету, але васьмёх з Ноем, весьнікам праведнасьці, захаваў, як навёў быў патоп на сьвет бязбожнікаў;
калі не пашкадаваў першабытнага сьвету, а ўхаваў толькі самавосьмага Ноя, спавесьніка праўды, наводзячы патоп на бязбоязны Бога сьвет;
і калі гарады Садом і Гамору, зрабіўшы попелам, асудзіў на зруйнаваньне, даючы прыклад для будучых бязбожнікаў,
ды калі гарады Садомцаў і Гоморцаў, асудзіўшы на разбурэнне, абярнуў у попел на показ будучым бязбожнікам;
а праведнага Лота, крыўджанага бессаромным ладам жыцьця беззаконьнікаў, выбавіў,
а справядліўца Лёта, прыгнечанага сужыцьцём з людзьмі разбуянае распусты, выбавіў,
бо гэты праведнік, жывучы між імі, з дня ў дзень мучыў праведную душу [сваю], бачачы і чуючы справы беззаконныя,
(гэты бо праведнік, жывучы між імі й штодня відзячы ды чуючы нягодныя паступкі, мучыўся ў сваёй справядлівай душы),
дык ведае Госпад, як выбаўляць пабожных ад спакусы, а нягоднікаў захоўваць на дзень суду дзеля пакараньня,
дык знача ведае Бог, як выбаўляць пабожных ад спакушання, а нягоднікаў захоўваць да суднага дня на кару;
а найбольш тых, якія ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць панаваньнем, якія дзёрзкія, самалюбныя і не баяцца блюзьніць супраць славы,
асабліва тых, якія ў нячыстай пажадлівасьці служаць целу, а верхаўладай пагарджаюць, самахвальскіх нахабнікаў, што адважваюцца ганьбячыя анелаў сэкты ўводзіць;
тады як анёлы, большыя [за іх] магутнасьцю і сілай, не выносяць на іх перад Госпадам блюзьнерчага суду.
тады як анелы, хоць большыя магуцтвам і сілай, не ппадымаюць на іх прад Богам дакараючага суду.
Яны, як неразумныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы і зьнішчэньне, блюзьняць на тое, чаго ня ведаюць, і ў сапсутасьці сваёй зьнішчаны будуць.
Яны, як неразумныя жывёла, празначаная з натуры свае на ўлоў ды на ўбой, бэсьцяць тое, чаго не разумеюць і ў бэстыяльсьцьве сваім выгінуць,
Яны атрымаюць нагароду няправеднасьці, за асалоду лічачы штодзённыя раскошы. Плюгаўцы і паскуднікі, яны насалоджваюцца падманамі сваімі, банкетуючы з вамі,
дастануць адплату за буянства. Бясстыднікі й паскуднікі — штодзенную насалоду адураючаю роскашшу яны ўважаюць за шчасьце, банкетуючы з вамі;
вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху, яны прывабліваюць душы неўгрунтаваныя; дзеці праклёну, яны маюць сэрцы, спрактыкаваныя ў хцівасьці.
вочы іхнія заўсёды поўныя грэшнай похаці й прывабы для падатных душ, а сэрцы гатовыя да нажывы — гэта сыны пракляцьця.
Пакінуўшы просты шлях, яны заблукалі, ідучы па шляху Білеама Басоравага, які палюбіў нагароду няправеднасьці,
Зыйшоўшы з простага шляху, яны зблудзілі, падаўшыся ў сьляды Балаама, сына Босора, які пагнаўся на неправедны подкуп,
але меў дакараньне за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалавечым голасам, затрымала шаленства прарока.
але быў зганены за свой праступак: бязмовая асьліца ў ярме, прагаварыўшы, людзкім голасам, утамавала дур прарока (Ліч. 22:23−24).
Яны — крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганяныя, для якіх змрок цемры на вякі захоўваецца.
Гэта крыніцы бязводныя, аблокі бурай ганяныя: іх чакае чорная хмара вечнай цемрадзі.
Бо, гаворачы пыхліва марнасьць, яны прывабліваюць пажаданьнямі цела і бессаромнасьцю [людзей], якія ледзь пазьбеглі тых, што жывуць у падмане.
Прамаўляючы бо надутымі й пустымі славамі, яны вабяць у распусную похатнасьць цела тых, што недаўна толькі адхінуліся ад занураных у блудзе;
Яны абяцаюць ім свабоду, а самі яны — слугі сапсутасьці, бо хто кім пераможаны, той таму і стаўся слугою.
суляць ім свабоду, самы будучы рабамі гнілля; хто бо кім пераможаны, той таму й раб.
Бо калі яны, уцёкшы ад апаганьваньня сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, ізноў даўшы зьвязаць сябе, пераможаныя ім, апошняе для іх горш за першае.
Бо-ж калі, ўцёкшы ад брыды сьвету праз пазнане Ўсеспадара й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зноў уцялёпкваюцца ў яе, дык апошнія рэчы іх горшыя за першыя.
Бо лепш ім было не пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенага ім сьвятога прыказаньня.
Лепш былоб ім не пазнаваць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшыць адвярнуцца назад ад пераданага ім сьвятога прыказання.
Але з імі здарылася паводле праўдзівае прыказкі: «Сабака варочаецца да ванітаў сваіх, а вымытая сьвіньня — качацца ў лужыне».
Але на іх спраўджаецца надта дарэчная прыказка: сабака вяртаецца да сваіх рыготаў, а вымытая сьвіньня — да свайго балота.