1 царстваў 16 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён ня быў валадаром над Ізраілем. Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеему, бо сярод сыноў ягоных Я ўбачыў для Сябе валадара».
 

І сказаў Самуэль: «Як я пайду? Пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І сказаў яму ГОСПАД: «Возьмеш з сабою ялаўку і скажаш: “Іду скласьці ахвяру ГОСПАДУ”.
 

І запросіш Есэя на ахвяру, а Я дам табе ведаць, што маеш рабіць, і ты памажаш таго, пра каго Я скажу табе».
 

І зрабіў Самуэль так, як ГОСПАД прамовіў. І прыйшоў ён у Бэтлеем. І напалохаліся старшыні гораду, сустрэўшы яго, і спыталіся: «Ці мірны прыход твой?»
 

Ён сказаў: «Мірны. Я прыйшоў, каб скласьці ахвяру ГОСПАДУ. Асьвяціцеся і хадзіце са мною скласьці ахвяру». І асьвяціў Есэя і сыноў ягоных, і паклікаў іх на ахвяру.
 

І прыйшлі яны, і ўбачыў Самуэль Эліява, і сказаў: «Без сумніву, перад ГОСПАДАМ памазанец Ягоны!»
 

Але ГОСПАД сказаў Самуэлю: «Не глядзі на выгляд ягоны, ані на высокі рост ягоны, бо Я яго адкінуў. Бо Я [гляджу] ня так, як глядзіць чалавек, бо чалавек бачыць вачыма, а ГОСПАД бачыць сэрца».
 

І паклікаў Есэй Абінадава, і прывёў яго перад аблічча Самуэля, але ён сказаў: «Ня гэтага выбраў ГОСПАД».
 

І прывёў Есэй Шамму, але сказаў [Самуэль]: «І гэтага ня выбраў ГОСПАД».
 

І прыводзіў Есэй сем сыноў сваіх да Самуэля, але Самуэль казаў Есэю: «Ня выбраў ГОСПАД анікога з іх».
 

І сказаў Самуэль Есэю: «Ці гэта ўсе хлопцы твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасьвіць авечкі». І сказаў Самуэль Есэю: «Пашлі па яго і прывядзі яго. Не пачнем [бяседы], пакуль ён ня прыйдзе».
 

І паслаў ён па яго, і прывёў яго, а быў ён руды, меў прыгожыя вочы і зграбную постаць. І сказаў ГОСПАД [Самуэлю]: «Устань, памаж яго, бо гэта ён».
 

І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасьці братоў ягоных. І зыйшоў на Давіда Дух ГОСПАДА ад таго дня. А Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.
 

І пакінуў Дух ГОСПАДА Саўла, і авалодаў ім дух ліхі ад ГОСПАДА.
 

І сказалі Саўлу слугі ягоныя: «Мучыць цябе ліхі дух ад Бога.
 

Гаспадару наш, дай загад, і слугі твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, які грае на гусьлях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі ад Бога, граў табе рукою сваёю, і будзе добра табе».
 

І сказаў Саўл слугам сваім: «Знайдзіце мне чалавека, які грае добра на гусьлях, і прывядзіце яго да мяне».
 

І адказаў адзін з юнакоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есэя з Бэтлеему, які ўмее граць на гусьлях. Ён — чалавек мужны і дужы, моцны ў слове, і прыгожы, і ГОСПАД ёсьць з ім».
 

І паслаў Саўл пасланцоў да Есэя, і сказаў: «Прышлі да мяне Давіда, сына твайго, які пасьвіць авечак».
 

І ўзяў Есэй пяць хлябоў, буклак з віном і адно казьляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.
 

І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім. І Саўл палюбіў яго вельмі, і стаўся ён у яго збраяносцам.
 

І паслаў Саўл да Есэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо ён знайшоў ласку ў вачах маіх».
 

І, калі дух, [спасланы] Богам, агартаў Саўла, Давід браў гусьлі і граў рукою сваёй. І Саўлу была палёгка, і ён адчуваў сябе добра, бо адступаўся ад яго ліхі дух.