Ёва 28 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Срэбра мае пачаткі жылаў, і ў золата ёсць месца, дзе яго плавяць.
 

Жалеза здабываецца з зямлі, і камень, растоплены жарам, у медзь ператвараецца.
 

Усталяваў [чалавек] мяжу цемры, і даследуе ўсё сам да канца, нават камень змроку і ценю.
 

Вандроўны люд адкрыў падземныя праходы, якія забыты нагою; вісяць яны, хістаючыся больш за вандроўніка.
 

Зямля, з якой хлеб вырастаў, у глыбіні перавернута, як агнём.
 

Камяні яе — месца сапфіра, і глеба яе — золата.
 

Драпежная птушка не ведае сцежкі туды, і не бачыць яе вока арла.
 

Не тапталі яе сыны пыхі, і не праходзіла па ёй ільвіца.
 

Выцягвае ён руку сваю на крэмень, да падножжа пераварочвае горы.
 

У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока яго.
 

Выведаў ён глыбіні рачныя і вывеў на свет утоенае.
 

Але дзе знайсці мудрасць? І дзе месца розуму?
 

Чалавек не ведае яе сутнасці, і не знайсці [яе] на зямлі жывых.
 

Бездань кажа: “Няма яе ўва мне”, і мора гаворыць: “Няма яе ўва мне”.
 

Нельга даць за яе чыстага золата, і не ўзважыць срэбра ў абмен на яе.
 

Нельга заплаціць золатам Афіру, ані найкаштоўнейшым сарданіксам, ані сапфірам.
 

Не зраўняецца з ёю золата або шкло, не прамяняць яе на залаты посуд.
 

Пра каралі і крышталь не ўспомняць у параўнанні з ёй, і валоданне мудрасцю лепшае за перлы.
 

Не зраўняецца з ёю тапаз з Этыёпіі, і не прыпадобніш яе да найчысцейшага золата.
 

Дык адкуль паходзіць мудрасць і дзе месца розуму?
 

Схаваная яна ад вачэй усіх жывых і нябесным птушкам невядомая.
 

Абадон і смерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.
 

Бог ведае дарогу яе, і Ён ведае месца яе.
 

Ён бачыць ускрайкі зямлі і заўважае ўсё, што пад небам.
 

Ён надаў вятрам вагу і воды адмераў меркаю.
 

Калі даваў закон дажджам і шлях навальніцам грымотным,
 

тады ўбачыў Ён яе і расказаў, і прыгатаваў, і даследаваў яе.
 

І сказаў Ён чалавеку: “Вось, страх Госпадаў — гэта і ёсць мудрасць; а пазбягаць зла — гэта розум”».