Ёва 31 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Заключыў я дамову з вачамі сваімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну.
 

Якая ж доля мая ў Бога ў небе, ды якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях?
 

Ці ж ліхотніку няма загубы і адчужэння тым, хто чыняць несправядлівасць?
 

Ці ж Ён не бачыў шляхоў маіх і не лічыў усе крокі мае,
 

калі хадзіў я ў марнасці і нага мая спяшалася ў падступнасці?
 

Хай узважыць Ён мяне справядлівымі шалямі і хай ведае Бог маю беззаганнасць.
 

Ці саступаў крок мой з дарогі, і ці пайшло за вокам маім маё сэрца, і ці запляміла рукі мае што нячыстае?
 

Сеяў я, а есць іншы, і патомства маё вырванае з каранямі.
 

Калі сэрца маё звяла жанчына і калі цікаваў я пры дзвярах таварыша майго,
 

хай мая жонка меле для другога і хай іншыя схіляюцца над ёю.
 

Бо гэта — недазволенае, злачынства, якое падлягае суду.
 

Гэта агонь, што паглынае аж да загубы і што выкараняе ўсё народжанае.
 

Хіба не зважаў я ў судзе на правы паслугача свайго і паслугачкі сваёй, калі яны спрачаліся са мною?
 

Што ж тады буду рабіць, калі паўстане Бог судзіць? І калі будзе пытацца ў мяне, што я Яму адкажу?
 

Ці ж не ва ўлонні ўчыніў мяне Той, Хто і яго стварыў, і адзін сфармаваў мяне ва ўлонні?
 

Калі адмовіў я бедным у тым, чаго яны хацелі, і калі прымусіў вочы ўдавы засмуціцца,
 

калі з’еў я кавалак свой адзін, а сірата не з’еў ад яго?
 

Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і кіраваў [удавой] ад улоння маці.
 

Калі пагардзіў я гаротнікам за тое, што не меў ён адзення, а таксама бедным без вопраткі;
 

калі не дабраславіла мяне цела яго і не сагрэўся ён ад воўны авечак маіх;
 

калі падняў я руку сваю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе, —
 

то хай выпадзе плячо маё з сустава свайго і хай патрушчыцца рука мая разам з касцямі локцевымі,
 

бо страх для мяне — няшчасце ад Бога і супраць велічы Яго ніяк мне не здужаць!
 

Калі лічыў я золата бяспекай маёй і гаварыў чыстаму золату: “Надзея мая!”;
 

калі цешыўся я дзеля мноства багаццяў сваіх і што рука мая столькі прыдбала;
 

калі бачыў я, як ззяе сонца і як ясна ўзыходзіць месяц,
 

і спакусілася патаемна сэрца маё, і пацалавалі вусны мае руку маю,
 

а гэта — злачыннасць, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога Узвышняга;
 

калі радаваўся я з падзення таго, хто мяне ненавідзеў, і весяліўся, што яго напаткала няшчасце,
 

бо не дазволіў я грашыць языку майму, каб насылаць праклёны на душу яго;
 

калі не гаварылі людзі палаткі маёй: “О, ці ёсць той, хто б не насыціўся мясам яго!”;
 

на двары не заставаўся прыхадзень, брама мая адкрытая была для вандроўніка;
 

калі ўтойваў я грэх свой, як чалавек, і калі хаваў за пазухай злачыннасць сваю;
 

калі б баяўся я грамады вялікай і пагарда блізкіх палохала б мяне, — то маўчаў бы я больш і не выходзіў з дзвярэй.
 

Хто мне дасць слухача? Вось жа подпіс мой! Хай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой,
 

каб насіў яе на плячах сваіх і ўсклаў яе на сябе, як вянец.
 

Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да князя.
 

Калі жаліцца на мяне зямля мая, і з ёй плачуць барозны яе,
 

калі плады яе я еў без грошай і крыўдзіў яе земляробаў, —
 

то хай замест пшаніцы родзіцца мне церне, а замест ячменю — пустазелле!» Скончыліся словы Ёва.