Ісаі 35 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Хай цешацца пустыня і бездарожжа, хай радуецца стэп і хай цвіце, як лілея!
 

Хай квітнее і скача, поўная радасці і хвалы. Слава Лібана ёй дадзена, гожасць Кармэля і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, велічнасць Бога нашага.
 

Зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя.
 

Кажыце маладушным: «Трымайцеся, не бойцеся! Вось, Бог ваш, помста надыдзе, адплата Божая; Ён сам прыйдзе і збавіць вас».
 

Тады вочы сляпых адплюшчацца і вушы глухіх адкрыюцца.
 

Тады заскача, як алень, кульгавы, і загамоніць радасна язык нямых, бо праб’юцца воды ў пустыні і ручаі ў стэпе.
 

І зямля сухая заменіцца ў возера, а сасмаглая — у крыніцы водаў, а ў логавішчах, дзе жылі драконы, вырастуць трыснёг і чарот.
 

І будзе там сцежка і дарога; і назавуць яе святой дарогай: не будзе ісці ёю нячысты; будзе ім дарога роўная, так што па ёй не будуць хадзіць неразумныя.
 

Не будзе там ільва, ды драпежны звер не ўзыдзе на яе, і не будзе знаходзіцца там, а будуць ісці ёю тыя, хто будуць вызвалены,
 

і адкупленыя Госпадам вернуцца. І прыйдуць яны з хвалою на Сіён, і радасць вечная — над іх галавою: весялосць і радасць яны здабудуць, а смутак і стогны сыдуць.