Ісаі 38 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Так кажа Госпад: “Распарадзіся домам сваім, бо памрэш ды не будзеш жыць”».
Тады павярнуўся Эзэкія тварам сваім да сцяны і маліўся да Госпада,
і сказаў так: «Госпадзе, прашу, успомні, малю, як вёў я сябе адносна Цябе верна і са шчырым сэрцам і, што добрае ў вачах Тваіх, тое рабіў». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
І прамовіў Госпад да Ісаі, кажучы:
«Ідзі і скажы Эзэкіі: гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Чуў Я маленне тваё, бачыў слёзы твае, вось жа, дакіну да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
і ўратую з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, ды абараню гэты горад”.
Такі вось будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова гэтае, што прамовіў:
“Вось жа, Я адвяду цень на ступенях, па якіх [цень] прайшоў ужо з сонцам на сонечным гадзінніку Ахаза, на дзесяць ступеняў назад”». І вярнулася назад сонца на дзесяць ступеняў па ступенях, па якіх ужо прайшло.
Пісанне Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ўпаў у хваробу, але быў аздароўлены ад немачы сваёй.
Казаў я: «У палавіне дзён маіх пайду я да брамы пекла; прасіў я рэшту гадоў маіх».
Казаў я: «Ужо не буду бачыць Госпада Бога на зямлі жывых, не ўбачу чалавека больш між жыхароў свету.
Жытло маё прынята і перанесена далёка ад мяне, як палатка пастухоў; звіў Ён, як ткач, жыццё маё, ад кроснаў адарваў мяне. Ад рання да вечара мяне марнуеш.
Павалены, ляжу я аж да раніцы, быццам леў, так сцёр усе косці мае; ад раніцы да вечара марнуеш мяне.
Як птушанё ластаўкі, так запішчу, буду вуркатаць, як галубка; стаміліся вочы мае, углядаючыся ў вышыню. Госпадзе, цярплю прыгнёт, паручыся за мяне!
Што скажу я, або што Ён мне адкажа? Ён гэта ўчыніў! Буду гэтак ісці праз усе гады мае ў горычы душы маёй.
Госпадзе, на Цябе спадзяецца сэрца маё, хай жыве дух мой, аздараві мяне і ажыві мяне!
Вось жа, на супакой замянілася горыч мая. Ты вось вырваў душу маю з ямы загубы, кінуў за спіну Сваю ўсе грахі мае.
Бо не пекла хваліць Цябе будзе, ані смерць славіць Цябе будзе, не аглядаюцца на праўду Тваю тыя, якія сыходзяць у балота.
Жывы, толькі жывы будзе славіць Цябе, як і я сёння: бацька абвесціць дзецям праўду Тваю.
Госпадзе, аздараві мяне! І пад гук цытры будзем спяваць усе дні жыцця нашага ў доме Госпада».
Дык загадаў Ісая, каб узялі кавалак пладоў дрэва фігавага і паклалі на рану, і паздаравеў.
Ды сказаў Эзэкія: «Што будзе за знак, што я пайду ў дом Госпада?»