Ісаі 27 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
У той дзень Госпад пакарае Сваім мечам, цвёрдым, магутным і вялікім, Левіятана, змея страхатлівага, Левіятана, змея выкрутлівага, ды заб’е дракона, які ёсць у моры.
У той дзень вінаграднік будзе прыгожы! Спявайце аб ім!
«Я — Госпад, сцерагу вінаграднік, буду паліваць яго штохвіліны. Каб часам што не шкодзіла яму, днём і ноччу [сцерагу] яго.
Гневу няма ўва Мне. Ды, можа, які выдасць Мне калючкі і церне? Уздыму на яго меч у вайне, спалю яго адначасна,
хіба толькі часам будзе трымацца Маёй абароны, учыніць супакой са Мною, мір учыніць са Мною.
У будучыя дні Якуб укараніцца, Ізраэль зацвіце і разрасцецца, ды напоўняць яны сусвет плёнам».
Ці ж не паводле кары прыгнятальніка яго пакараў Ён яго? Ці не забіты быў ён так, як забіваліся забітыя ім?
Той самай меркай карае яго, адкідаючы яго, выганяе яго подыхам Сваім магутным у час, калі вее ўсходні вецер.
Дзеля таго будзе адпушчана правіннасць Якуба, і гэта будзе поўны вынік адпушчэння граху яго, што ён менавіта аддасць усе камяні ахвярнікавыя на парасціранне, як камяні вапнавыя, каб не стаялі больш святыя гаі і ідалы.
Горад умацаваны будзе спустошаны; пасяленне бязлюднае і пакінутае — быццам пустыня; там будзе пасвіцца цяля, там будзе спачываць і аб’ядаць галінкі яго.
Галіны яго, павысыхаўшы, адломяцца, прыдуць жанчыны і папаляць іх. Бо гэты народ неразумны, таму не пашкадуе яго Той, Хто стварыў яго, і Хто ўфармаваў яго, не пашкадуе яго.
І станецца: у той дзень вымалаціць Госпад каласы ад ракі аж да ручая Егіпецкага, а вы, сыны Ізраэля, усе, адзін пры адным будзеце сабраныя.
І станецца: у той дзень затрубяць у вялікую трубу, і тады прыбудуць якія былі загублены ў зямлі Асірыі і якія былі рассыпаны па зямлі Егіпта і будуць славіць Госпада на святой гары ў Ерузаліме.