Ісаі 24 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вось жа, Госпад пустошыць зямлю, нішчыць яе і бурыць яе паверхню, а жыхароў яе разганяе.
 

І будзе караны як народ, так і духоўнік, як слуга, так і гаспадар яго, як паслугачка, так і яе гаспадыня, як пакупнік, так і той, хто прадае, як пазычальнік, так і той, хто пазыку прымае, як той, хто спаганяе пазыку, так і той, хто вінен.
 

Дашчэнту будзе спустошана зямля і аддадзена на разрабаванне, бо Госпад гэта рашыў.
 

Сумуе, марнее зямля; нішчэе, марнее сусвет, нішчэе вышыня разам з зямлёю.
 

І зямля спаганена пад жыхарамі яе, бо пераступілі закон, пагардзілі прыказаннем, парушылі вечную дамову.
 

Дзеля таго праклён паглынае зямлю, а жыхары яе адбываюць пакаранне; з гэтай прычыны жыхароў яе стала менш і людзей засталося нямнога.
 

Сумуе маладое віно, вінаграднік звяў, уздыхаюць усе, якія весяліліся ад сэрца.
 

Спынілася радаснае біццё ў бубны, сціх гармідар гулякаў, заціхла радаснае гранне цытры.
 

Не будуць піць са спевам віна, горкім будзе і пітво для тых, хто п’е яго.
 

Разбураны горад пустэчы, зачынены кожны дом, і не ўвойдзе ніхто;
 

крык на вуліцах дзеля віна, знікла ўсякая радасць, прайшла весялосць зямлі.
 

Адна пустэча засталася ў горадзе, брама зруйнаваная.
 

Гэтак станецца на сярэдзіне зямлі паміж народаў, як пры атрасанні аліўкі і як калі напрыканцы збору вінаграду абіраюць лозы.
 

Яны ўзнясуць голас свой, будуць славіць веліч Госпада, будуць гаманіць з мора.
 

Дзеля гэтага хваліце Госпада ў краінах усходу, на астравах марскіх — імя Госпада, Бога Ізраэлева.
 

З канцоў зямлі чулі мы хвалебныя спевы: «Слава Справядліваму!» Але я сказаў: «Таямніца мая ў мяне, таямніца мая ў мяне. Гора мне!» Крывадушнікі крывадушнічаюць, і крывадушнічаюць крывадушнасцю крывадушнікаў.
 

Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!
 

І будзе: хто ўцячэ ад голасу страху, уваліцца ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены пасткай, бо вадаспады з вышыняў адкрыліся і затрэсліся падмуркі зямлі.
 

На кавалкі разбіта зямля, дашчэнту сцёрта зямля, да глыбіняў стрэсена зямля,
 

пахіснецца моцна зямля, як п’яны, ды, як палатка, закалышацца, ды зацяжарыць на ёй няпраўда яе, і абрынецца яна, і не ўзрушыцца, каб падняцца.
 

І будзе ў той дзень: наведае Госпад войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;
 

будуць сабраны і ўвязнены ў падзямеллі ды будуць замкнуты ў цямніцы, а па многіх гадах — пакаранне.
 

Месяц пачырванее і засаромеецца сонца, бо заваладарыў Госпад Магуццяў на гары Сіён ды ў Ерузаліме, і будзе Ён услаўлены перад абліччам старцаў Сваіх.